А потым з’явілася інтэрв’ю з Андрэем Чапюком, праваабаронцам і былым палітвязнем, які прабыў у няволі чатыры з паловай гады і вызваліўся два месяцы таму. У гэтым інтэрв’ю ёсць адказ паважанаму выданню. Андрэй кажа: “не ўсе лісты не даходзяць”.
Ва ўсіх калоніях розныя правілы, на розных людзей па-рознаму ціснуць. Часам патрэбны шчаслівы выпадак, ці цуд, ці збой вычварэнскай логікі сістэмы, каб ліст дайшоў. Часам шанец зусім невялікі. Але ці можна назваць яго нязначным?
Хто будзе спяшацца на цягнік, калі шанец паспець – пяцьдзесят да аднаго? Ніхто не будзе, лепш прыняць, што спазніўся, і замовіць новы квіток, ці ўвогуле не ехаць. Але калі ёсць шанец – няхай пяцьдзесят да аднаго – кагосьці выратаваць? Хто не скарыстаецца гэтым шанцам?!
Паліна Шарэнда-Панасюк распавядала, як лісты знішчалі ў яе на вачах. Але яна бачыла лісты, і ведала, што ёй пішуць. А вось другая гісторыя, ад вязня, што сядзеў з Эдуардам Бабарыкам. Аднойчы Эдуарду дайшоў ліст ад незнаёмай жанчыны. Яна нумеравала лісты, і гэта быў дваццаты. Дзевятнаццаць іншых не дайшло, а дваццаты прабіўся. Нібыта маленькі кавалачак волі. І тым больш ён быў каштоўным.
Эдуард, вядома ж, адказаў, але наўрад ці тая жанчына атрымала адказ. Можа, яна нават не ведае, што адзін раз у яе дакладна атрымалася. Але мы спадзяемся, што яна працягвае пісаць палітвязням.
Дапамагаць можна па-рознаму, шляхі заўсёды знойдуцца. Але лісты – гэта таксама дапамога, і нам не варта прыніжаць іх каштоўнасць і моц. Таму, сябры, вы ведаеце, што рабіць.
Свабоду ўсім палітвязням!
Жыве Беларусь!