Сёння дзень народзінаў смелага, таленавітага і прыгожага Ігара Лосіка.Апошні год быў надзвычай цяжкі…

Сёння дзень народзінаў смелага, таленавітага і прыгожага Ігара Лосіка.

Апошні год быў надзвычай цяжкім для Ігара: “развод” пад прымусам з Дар’яй, арышт малодшага брата Мікіты. Мабыць, яго суцяшае тое, што Дар’я нарэшце на волі, і з Паўлінкай цяпер побач маці.

Вязні часам перажываюць за родных больш, чым за сябе, бо ведаюць, што чакае чалавека за кратамі. Сям’я робіцца для рэжыма сродкам шантажу і катаванняў. Але сям’я – гэта таксама нагода жыць і змагацца. Можа, не ўсім шанцуе з сем’ямі. Ігару пашанцавала.

У дзень народзінаў мы жадаем Ігару моцнага здароўя і сіл, і каб ён заўсёды – і ў зняволенні, і на волі – адчуваў любоў і падтрымку родных і блізкіх. Можна блакаваць лісты і забараняць спатканні, але нельга парваць сувязь паміж роднымі душамі. Любоў і падтрымка знойдуць свой шлях заўсёды. І няхай хутчэй прыйдзе воля. Няхай Ігар хутчэй абдыме тых, каго ён так моцна любіць і кім ганарыцца.

Свабоду Ігару Лосіку!
Жыве Беларусь!