​​Ганна Кандраценка памерла праз паўгады пасля вызвалення з калоніі. Яна адбыла ўвесь тэрмін, няглед…

​​Ганна Кандраценка памерла праз паўгады пасля вызвалення з калоніі. Яна адбыла ўвесь тэрмін, нягледзячы на цяжкую хваробу. Тамара Каравай пражыла на волі каля 9 месяцаў – кажуць, не вытрымала сэрца.

Пра Аляксея Аўсюкевіча і Віталя Бычкова няма нават інфармацыі, ці былі яны на волі ў момант смерці. Але пра іх мы хаця б ведаем.

Беларуская турма забівае. Смерці за кратамі набываюць вялікі разгалос, але смярцей больш, нашмат больш. Беларуская турма забірае здароўе – часам, усё здароўе. А тых, хто выйшаў, пацукі не пакідаюць у спакоі: кагосьці прымушаюць адразу з’ехаць, кагосьці наадварот не выпускаюць. Пагрозамі вымушаюць пісаць прашэнне, выцягваюць на эфір з прапагандыстамі, патрабуюць супрацоўнічаць. Фармальна чалавек памірае на волі, але якая гэта воля.

Праваабаронцы як-ніяк адсочваюць лёсы палітычных, а што адбываецца з людзьмі без статуса палітвязня? Што адбываецца са звычайнымі зняволенымі, без жоўтай біркі? Страшна падумаць, якія факты потым знойдуць даследчыкі ў архівах лукашэнкаўскіх катавальняў.

Вельмі хочацца такога ж пекла для ворагаў. Для мянтоў, што збіваюць да непрытомнасці, для “суддзяў”, што адпраўляюць цяжка хворых людзей за краты за падабайку ці рэпост. Такога ж і нават большага. Але нельга. Бо тое, што існуе ў беларускіх турмах зараз, існаваць не павінна, ні для людзей, ні нават для пацукоў. У дэмакратычнай Беларусі гэта бясконцае страшнае злачынства супраць чалавецтва  нам трэба першым чынам спыніць, а потым добра задакументаваць. Зняволенне не павінна забіваць. Але для чырвона-зялёных злачынцаў яно будзе вельмі, вельмі доўгім.

Свабоду Беларусі!
Злачынцаў за краты!
Жыве Беларусь!