​​Праваабаронцы паведамляюць: знікла сувязь с адміністратарамі беларускай Вікіпедыі Казімірам Ляхнов…

​​Праваабаронцы паведамляюць: знікла сувязь с адміністратарамі беларускай Вікіпедыі Казімірам Ляхновічам і Вольгай Сітнік. Вы заўважылі, як прынята казаць пра знікненне людзей у Беларусі? Знікла сувязь з тым-та і тым-та. Сувязь. Знікла. Быццам беларусы ў Беларусі – нейкія агенты ў стане ворага. Можа, так яно і ёсць.

Гэта ўжо другая атака на беларускую Вікіпедыю, і прычын тут некалькі. Вядома ж, усё недзяржаўнае, свабоднае, створанае агульнымі сіламі і па-за кантролем уладаў, – хоць краўдфандынгавая платформа, хоць сайт з петыцыямі, хоць прыродаахоўная арганізацыя, – выклікае натуральную нянавісць у гэтых самых уладаў. Беларуская мова – таксама нібыта чырвоная ануча для пацукоў.

Але галоўная прычына не ў недзяржаўнасці і не ў мове. Любую інфармацыю, не правераную натоўпам ідэолагаў і міністэрствам адукацыі, лукашысты лічаць небяспечнай для сябе. Бо сёння паважаныя грамадзяне чытаюць (і пішуць) пра хімічныя рэакцыі, старажытную японскую літаратуру ці фаўну Аўстраліі, а заўтра – пра Кастуся Каліноўскага, сталінскія рэпрэсіі і знікненне Юрыя Захаранкі. А беларуская мова нясе дадатковае адценне: горача любімы лукашыстамі рускі свет гадамі прасоўваў ідэю, што руская мова выдатна пасуе розным навукам, а беларуская прыдатная хіба што для сумных вершаў стогадовай даўніны пра цяжкую сялянскую долю. І вось існуе рэсурс з артыкуламі на навуковую тэматыку на беларускай, і нешта мова аўтараў не абмяжоўвае.

Пацукі і далей будуць весці барацьбу з рознымі незалежнымі крыніцамі ведаў, гэта дакладна. Але ўсё, што трапіла ў інтэрнэт, застаецца ў інтэрнэце. Свабодная энцыклапедыя захавае свабоду. А для нас гэта знак: абіраць крыніцы інфармацыі, не падкантрольныя пацукам і рускаму свету. Веды – гэта зброя разумнага, адукаванага і свабоднага чалавека. Не складзем жа гэту зброю, сябры.

Свабоду Казіміру Ляхновічу і Вользе Сітнік!
Свабоду ведам!
Жыве Беларусь!