Стала вядома пра смерць беларуса, якога раней дадалі ў спіс «экстрэмістаў»Віталю Бычкову было 44 гад…

Стала вядома пра смерць беларуса, якога раней дадалі ў спіс «экстрэмістаў»

Віталю Бычкову было 44 гады. Родам ён з пасёлка Колас Быхаўскага раёна, які пазней далучылі да Быхава. Калі меркаваць на сацсетках і расійскіх базах, перыядычна ездзіў працаваць у Расію па розных рабочых спецыяльнасцях.

У 2022 годзе у судзе Быхаўскага раёна Бычкова асудзілі па артыкуле 364 КК — «гвалт або пагроза гвалта ў дачыненні да міліцыянта». Не кожная такая справа звязаная з палітыкай. Аднак пасля суда сілавікі палічылі патрэбным дадаць Бычкова ў спіс «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», піша «Наша Ніва».

Прысуд Бычкову невядомы, як і акалічнасці справы. У спісе экстрэмістаў Бычкоў атрымаў пазнаку «адбывае пакаранне». Гэта азначае, што яму маглі прысудзіць тэрмін у калоніі альбо хімію з накіраваннем.

Віталь памёр 28 кастрычніка 2024 года — невядома, ці адбыў ён пакаранне цалкам. Па звестках Digital Intelligence Team, прычынай яго смерці стаў інсульт.

Калі вам вядомыя падрабязнасці, калі ласка, пішыце на @Viasnainfo