Ксёндз Генрых Акалатовіч быў асуджаны закрытым “судом” да 11 гадоў за “здраду дзяржаве”. Спадар Генрых – немалады (8 красавіка яму споўнілася 65 гадоў) і моцна хворы чалавек. Гэта не перашкодзіла пацукам пратрымаць яго за кратамі амаль паўтара гады і зараз накіраваць у калонію ўзмоцненага рэжыму.
Інфармацыя пра справу Генрыха Акалатовіча вернікі збіраюць урыўкамі. Вядома, што ў святара скралі грошы і іконы, якія належалі касцёлу, і зараз патрабуюць вялізны штраф. Таксама яго схілялі да правакацый супраць некаторых каталіцкіх іерархаў – спадар Генрых адмовіўся. І вось з-за кратаў дайшла новая вестачка: сярод абвінавачванняў ёсць “шпіянаж на карысць Ватыкана”. Гучыць абсурдна, смешна? Але чалавек па гэтаму абвінавачанню сядзіць.
Таварыш маёр мог бы ўпісаць у справу шпіянаж на карысць Нарніі, ці Ваканды, і абавязкова знайшліся б “эксперты”, якія б пацвердзілі ў “судзе” і існаванне гэтых краін, і факт шпіянажу. Таму што могуць, таму што над гэтым можна потым добра парагатаць у лазні, і таму, што ніякіх падстаў, каб абрабаваць і катаваць пажылога чалавека з інваліднасцю, дзяржаве не трэба.
Сам спадар Генрых казаў: усё гэта – каб “заткнуць роты Каталіцкай царкве”, і мабыць пацукі вераць, што ў іх атрымалася. Бо Ватыкан маўчыць. Праглынулі і страту Чырвонага Касцёла, і пераслед святароў. Але любая царква – гэта, перш за ўсё, парафіяне. І вось яны працягваюць падтрымліваць спадара Генрыха, і менавіта дзякуючы ім факты, якія ўлады імкнуліся схаваць пра справу і прысуд, робяцца вядомымі. Спадар Генрых хвалюецца, што нехта паверыць у хлусню супраць яго, – дарэмна. Ніхто не паверыць, ні каталікі, ні іншыя беларусы. Усе мы маем ужо імунітэт супраць пацучынай хлусні.
За кратамі Генрых Акалатовіч моліцца, каб годна прайсці шлях пакутніка, а на сваіх катаў не трымае зла, бо іх чакае божы суд. І нам здаецца, што перад тварам бясконцага тэрору застацца верным сабе і сваім ідэалам – гэта вялікі гераізм і вялікае дасягненне для чалавека.
Няхай вера і падтрымка парафіян дапаможа спадару Генрыху пераадолець усе выпрабаванні, і ўбачыць зямны суд над катамі сваёй краіны. Бо божы суд – гэта, канешне, добра, але ўсе людзі заслугоўваюць справядлівасці пры жыцці.
Свабоду Генрыху Акалатовічу!
Жыве Беларусь!