Няд. сак 30th, 2025
*

Стваральнік бела-чырвона-белага сцяга – а хто ты без яго? Геній, архітэктар, педагог, дыпламат

27 сакавіка 1891 года нарадзіўся Клаўдзій Дуж-Душэўскі. І хаця вы ведаеце яго ў першую чаргу як аўтара бела-чырвона-белага сцяга, ён яшчэ вядомы дыпламат БНР, архітэктар і педагог. У часы абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ён быў актыўным дзеячам беларускага руху, уваходзіў у склад дыпламатычнай місіі БНР у краінах Балтыі, адстойваў інтарэсы Беларусі на міжнародным узроўні.

Яго роля ў нацыянальным адраджэнні Беларусі была надзвычай значнай, бо ён не толькі спрычыніўся да стварэння нацыянальнага сімвала, але і змагаўся за яго прызнанне. Па матчынай лініі Дуж-Душэўскі паходзіў са шляхецкага роду, звязанага з Полацкім паветам. Яго продкі былі ўдзельнікамі нацыянальна-вызваленчых паўстанняў: прадзед загінуў у барацьбе супраць расійскай улады ў 1831 годзе, а дзед – падчас паўстання 1863–1864 гадоў. Лёс яго маці таксама быў драматычным – першыя гады свайго жыцця яна правяла ў турме на віленскім Антокалі.

Акрамя палітычнай дзейнасці, Дуж-Душэўскі меў выдатную кар’еру як архітэктар. Ён працаваў у міжваеннай Літве, дзе спраектаваў шэраг будынкаў у Каўнасе – у 2023 годзе іх уключылі ў спіс гістарычнай спадчыны UNESCO. Аднак яго жыццё было поўнае выпрабаванняў. У 1940 годзе ён быў арыштаваны савецкімі ўладамі, але пазней вызвалены немцамі. У 1944 годзе яго зноў арыштавалі і даслалі ў канцлагер – гэтым разам нацысты за ўкрыццё габрэяў.

Пасля вайны Дуж-Душэўскага зноў схапілі саветы і адправілі ў лагеры. Тым не менш, нават у цяжкіх умовах ён працягваў заставацца адданым сваёй краіне і яе культурнай спадчыне. Сёння яго імя займае пачэснае месца ў гісторыі Беларусі, а бела-чырвона-белы сцяг застаецца сімвалам свабоды і незалежнасці.

Наш Patreon
Наш Buymeacoffee