25 сакавіка – свята памяці і болю, бо ўзгадваеш і Касцюшку, і Каліноўскага, і Слуцкі збройны чын. БН…

25 сакавіка – свята памяці і болю, бо ўзгадваеш і Касцюшку, і Каліноўскага, і Слуцкі збройны чын. БНР была абвешчана, але нядоўга пратрымалася, пра гэта немагчыма не думаць.

Але таксама гэта свята надзеі – вялікай надзеі для беларусаў. І свята вясны, якая прыйдзе, нягледзячы ні на што.

Ларыса Геніюш пісала:

Воля – ня тое, што рукі разьвяжуць,
зьменяць на большую клетку малую.
Воля – ня тое, што
«вольны ты» – скажуць.
Воля – то воля, якую адчую. 

Мы жадаем усім беларусам адчуць аднойчы гэту волю – сапраўдную волю. Не на хвіліну, не на дзень. Адчуць, што яна прыйшла назаўсёды. А пакуль яе няма, памятайце, сябры: вясна непазбежная. І воля – таксама.

І няхай яна павінна быць базавым правам для кожнага народа. Але наш народ стагоддзямі змагаўся і змагаецца за яе, складаючы спіс герояў і спіс загінулых. Наша воля нараджаецца з крыві і жалеза, са слёз і надзеі, з белага і чырвонага, і з першага подыху вясны.

З Днём волі, якую ўсе мы аднойчы адчуем!
Жыве Беларусь!