18 сакавіка 1921 года паміж савецкай расіяй і УССР з аднаго боку і Польшчай з іншага быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор, які стаў завяршэннем савецка-польскай вайны 1919 – 1920 гадоў. Гэты дакумент падзяліў беларускія землі паміж дзвюма дзяржавамі: усходняя частка Беларусі засталася ў складзе савецкай расіі, а Заходняя Беларусь адышла да Польшчы.
Дагавор стаў трагедыяй для беларускага народа. Па сутнасці, ён перакрэсліў мары пра незалежную беларускую дзяржаву, якая сфармавалася ў 1918 годзе ў выглядзе Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Ні адзін з бакоў перамоваў не запрашаў беларусаў да абмеркавання іх будучыні. Замест гэтага лёс Беларусі вырашалі чужыя палітыкі: з польскага боку Юзэф Пілсудскі і яго дэлегаты, а з савецкага боку Адольф Іофэ і іншыя. За інтарэсы Беларусі адказвалі бальшавікі з Масквы. “Прадстаўнікі” беларускага народа настолькі ахвотна гандлявалі нашай зямлёй, што прапанавалі перадаць Польшчы Менск у абмен на тэрытарыяльныя саступкі ва Украіне. Але палякі адмовіліся.
Пасля падзелу беларусы апынуліся пад уціскам з абодвух бакоў. У савецкай Беларусі хутка праляцела беларусізацыя і пачаліся русіфікацыя і рэпрэсіі, калі прадстаўнікоў інтэлігенцыі садзілі на велізарныя тэрміны ці расстрэльвалі. У Заходняй Беларусі палякі праводзілі палітыку паланізацыі: закрывалі беларускія школы, абмяжоўвалі беларускамоўныя выданні, а актывістаў нацыянальнага руху кідалі за краты. Працэс нацыянальнага адраджэння, які пачаўся напрыканцы Першай сусветнай вайны, быў спынены на дзесяцігоддзі.
Кіраўніцтва БНР спрабавала прыцягнуць увагу еўрапейскіх дзяржаў да несправядлівасці Рыжскага дагавора, аднак заходнія краіны падтрымалі Польшчу. Гэта стала чарговым сведчаннем таго, што вялікія дзяржавы не лічыліся з правамі малых народаў.
Для беларусаў Рыжскі мір стаў горкім нагадваннем, што без уласнай дзяржавы і моцнай нацыянальнай свядомасці наш лёс будзе вырашацца без нашага ўдзелу. Толькі праз многія гады Беларусь змагла аднавіць сваю цэласнасць – але ўжо ў іншых гістарычных умовах.