​​24 лютага 1935 г нарадзіўся вялікі Рыгор Барадулін. Не атрымалася ў нас выбраць адзін верш да дня …

​​24 лютага 1935 г нарадзіўся вялікі Рыгор Барадулін. Не атрымалася ў нас выбраць адзін верш да дня народзінаў, няхай будуць тры вершы.

****

Чалавек не ўзнікае так —
Ён збываецца, адбываецца
Як ратай,
Як дзівак,
Як мастак,
Ад якога свет адбіваецца.

Чалавек не знікае так,
Бы ў кішэні вякоў пятак.
Ён сціраецца аб дарогі,
Разбіваецца аб адчаі,
Пераходзіць ва ўсе трывогі
Веку,
Што яго прыручае.

Перш чым вочы заслоняць векам,
Чалавек хоча стаць чалавекам.

****

Усё жыццё — туга па тым жыцці,
Якое пачыналася з калыскі,
Дзе космас быў, як курасаднік, блізкі,
Дзе льга было адказ на ўсё знайсці.
I на куце сядзелася куцці.
I смачна елася крупеня з міскі.
I цёплы дотык туманковай пыскі
Ішоў услед за ценем па лісці.

Смех недагнаных дзён гучыць далёка,
Як шаргунок вясельны пад дугой.
I першую слязу не помніць вока.
Адгадцы хочацца здзівіць загадку.
Жыццё з жыццём мяняецца тугой.
Душа чакае ўсё пачаць спачатку.

****

Ствары!

Паэт!
Ствары сабе Радзіму,
Дзе пахнуць снамі мурагі,
Каб ад слабога ўздыху дыму
Шугала полымя тугі.

Па незабытным, непазбытным
Тугой
Кругі свае заверш,
Каб першастрахам першабытным
I кожны гук дрыжэў за верш.

Верш,
Дзе жыве твая Радзіма,
Дзе рэчка чуе берагі.
А ты ўтрапёнымі вачыма
Глядзі на бераг свой другі.

****

З днём народзінаў, паэт.
Жыве Беларусь!