Мабыць, страшна паміраць, ведаючы, што твая мара не здзейснілася. Быццам сыходзіш у цемру без надзеі.
Але надзею не знішчыць так проста. Яе ўвогуле не знішчыць. Кволая, амаль нябачная, яна хавалася ў завулках, што памяталі былыя часы, на старонках старых кніг, ва ўспамінах. Яна набіралася моцы і зноў вярталася да людзей.
Яна была побач у самыя змрочныя часы. Яна побач з намі і цяпер. Пацукі змагаюцца з ёю, як могуць: руйнуюць помнікі і крыжы на могілках, зноў і зноў перапісваюць падручнікі па гісторыі. Але ж надзея і не такое бачыла. Яна перажыла Мураўёва-вешальніка, перажыла бальшавікоў. Шмат чаго перажыла, і, здаецца, нарэшце ператвараецца ва ўпэўненасць.
Героі не сыходзяць у цемру. Героі застаюцца ў гісторыі і народнай памяці. І сёння мы дзякуем ім. За мужнасць. За надзею. За мару аб свабодзе. За тое, што праз гады мы дакладна ведаем адказ на пытанне: “Каго любіш?”
Жыве Беларусь!