​​Анджэя Юхневіча, святара з Шумліна, затрымалі яшчэ ў траўні 2024 г. Фармальнай нагодай стаў украін…

​​Анджэя Юхневіча, святара з Шумліна, затрымалі яшчэ ў траўні 2024 г. Фармальнай нагодай стаў украінскі сцяжок у профілі ў Фэйсбуку (а рэальнай – словы ў падтрымку Украіны). Потым яго некалькі разоў перазатрымлівалі, як яны ўмеюць і робяць, потым на волю дайшла інфармацыя, што святару пагражаюць сфабрыкаванымі абвінавачваннямі ў педафіліі, потым абвінавачванні сапраўды прад’явілі.

У закрытым “судзе” перапынак на месяц, імя “ахвяры” невядомае, каталіцкая царква, якая павінна такія справы пераправяраць, маўчыць. Парафіяне не вераць абвінавачванням, а лісты святару не даходзяць.

Гэта не першы выпадак, калі палітвязняў судзяць па непалітычных артыкулах: узгадаем справы тут.бай ці Віктара Бабарыкі. Але сфабрыкаваная справа аб сэксуальным гвалце супраць публічнага чалавека – гэта нешта новае.

Некалі Мікола Дзядок выказаў такую думку: не трэба займацца супрацівам, калі не гатовы да наступстваў. Раней гэта было актуальна. Зараз наступствы ў выглядзе месяцаў катаванняў і гадоў за кратамі могуць прыляцець і за данат у фонд, які на момант данату быў цалкам легальным, і за рэпост самага папулярнага ў краіне смі пяцігадовай даўніны, і за сцяжок у Фэйсбуку. Усё зараз супраціў, усё – экстрэмізм. Немагчыма да такога падрыхтавацца, і за кратамі апынулася шмат непадрыхтаваных людзей.

Вязням цяжка і страшна, але ёсць тыя, каму прасцей трымацца. Кагосьці падтрымліваюць прынцыпы, кагосьці – веды пра гісторыю рэпрэсіўных рэжымаў, кагосьці – вера. І такіх людзей пацукі ненавідзяць больш за іншых. Не атрымалася зламаць – трэба адпомсціць. Дастаць родных, ці разбурыць справу, ці знішчыць рэпутацыю паважанага чалавека. А калі чалавек той – каталіцкі святар, то што можа зруйнаваць жыццё эфектыўней за паклёп у педафіліі?!

Толькі ўсё гэта дарэмна. Анджэй Юхневіч быў гатовы да выпрабаванняў – ён сам пісаў пра гэта. А мы разумеем брудныя пацучыныя метады. Рэпутацыю чалавек стварае сабе сам. І спадар Юхневіч не толькі стварыў і захаваў рэпутацыю. Ён стаў голасам для сваіх парафіян і прыкладам для ўсіх беларусаў.

Свабоду Анджэю Юхневічу!
Жыве Беларусь!