​​У навагоднюю ноч усе загадваюць жаданні – нават самыя скептычныя і рацыянальныя па жыцці людзі. Ра…

​​У навагоднюю ноч усе загадваюць жаданні – нават самыя скептычныя і рацыянальныя па жыцці людзі. Раней жаданні былі розныя, вялікія і малыя, бо кожны марыў пра асабістае: зарабіць грошай, знайсці каханне, дабіцца поспеху ў любімай справе. Былі жаданні і адзіныя на сям’ю: маладая пара марыць пра дзіця, ці дзеці – пра здароўе для хворых бацькоў.

Раней так было.

А зараз з’явіліся новыя жаданні, агульныя для ўсіх беларусаў, дадаліся да асабістых жаданняў. Быццам кожны з нас – частка адной вялікай сям’і. Еднасць – гэта крута, еднасць – гэта важна, гэта падтрымка, гэта ратаванне. Яна дапамагае прыгнечаным народам выжыць і не згубіцца ў вялікім свеце. Ёсць і іншы бок: боль таксама становіцца агульным, і ўжо ніхто не можа радавацца безумоўна. У самы сонечны дзень ты памятаеш пра цень, што хаваецца недзе побач.

Але навагодняя ноч – незвычайная, чароўная, ноч надзеі і аднаўлення. Сонцаварот прайшоў, і хоць наперадзе два-тры месяцы зімы, але святло прыбывае з кожным новым днём.

Мы жадаем усім беларусам, каб самае вялікае наша агульнае жаданне споўнілася. Каб пасля бясконцай зімы прыйшла вясна. Каб тыя, хто чакаюць, дачакаліся, каб тыя, каго абставіны адарвалі ад сям’і, абнялі родных. Каб здзейснілася справядлівасць, і каб нянавісць, што ўсе мы зведалі, сышла ў мінулае. Каб радасць ад асабістага, якую зараз мы не дазваляем сябе адчуваць цалкам і поўнасцю, вярнулася да нас нарэшце.

А еднасць… Мы знайшлі і ўсвядомілі яе ў цяжкія, цёмныя часы. Няхай жа застанецца з намі. Назаўжды.

З Новым годам, сябры!
Жыве Беларусь!