​​120 гадоў таму нарадзіўся Алесь Дудар. Яго завчайна ўзгадваюць на ноч паэтаў, але гэта несправядлі…

​​120 гадоў таму нарадзіўся Алесь Дудар. Яго завчайна ўзгадваюць на ноч паэтаў, але гэта несправядліва, бо чалавек быў добры, і паэт класны (быў і ёсць, людзі паміраюць, а паэзія жыве, пакуль яе чытаюць і спяваюць).

Скрыжалі
1.
За мастом разышліся вілаватыя сьцежкі,
Разышліся дарогі…
І трава пры дарозе, і дзірван на ўзьмежках,
І туман крутарогі.
Не прайсьці, не праехаць і назад не вярнуцца
Праз бары, дзе бярозы верхавінамі гнуцца –
Разышліся дарогі.
 
2.
І праз вецер заходні, і праз вецер і слоту
Пахне днём і вясною.
Не магу і ня здамся… Будзе ў песьнях яснота,
Будзе сонца са мною.
Заімжыць пазалотай лёгкакрылая песьня
І не будзе самотна, і не будзе мне цесна –
Пахне днём і вясною.
 
3.
Там, у сонцавай хаце, што на ўзьмежку нябёсаў,
Пазалочаны ганак.
Ходзіць месяц бялявы і галосіць, галосіць,
Як забыты каханак.
Пойдзе месяц надхмар’ем на зялёныя ўзгор’і,
І да самага раньня вартаваць будуць зоры
Пазалочаны ганак…
 
4.
Будзе плакаць дзяўчынка, будзе плакаць ад болю,
Будуць слёзы як срэбра.
Бо на першае гора не забыцца ніколі –
Мусіць гэтак і трэба.
Калі ляльку пабілі, не паможаш нічым тут –
Над пабітаю лялькай будзе плакаць дзяўчынка,
Будуць слёзы як срэбра.
 
5.
Можна ў горы з усьмешкай, можна плакаць ад шчасьця –
Будзе сэрца як крэмень.
Засумуе асіна, стане лісьцямі шастаць,
Стануць стыгнуць карэньні.
Дні з начамі праскачуць, як шалёныя коні.
Цела зробіцца кволым, стануць срэбнымі скроні –
Будзе сэрца як крэмень.
 
6.
Выйду, выйду ў нізіны, дзе прасторы і вежы.
Загарацца сузор’і.
У кім гарачае сэрца, таго смутак драпежны
Ня супыніць, ня зморыць
Выйду, выйду на горы, дзе лунаюць сусьветы,
Кіну песьню ў пагоню за мяцежнікам-ветрам –
Загарацца сузор’і.
 
7.
І ні лютае гора, ні балючая крыўда
Не павіснуць на крыльлях.
Прадуць людзі ліхія, да з каменьнямі прыдуць,
Прыдуць з крыкам зьвярыным.
Будуць бэсціць адважных, што ўзьняліся на ўзвышшы,
І ад злосьці бясьсільнай, як ваўкі заскавычуць –
Не павіснуць на крыльлях.

1926

Жыве Беларусь!