​​Актывістку з Пружанаў і маці траіх дзяцей Юлію Лаптановіч спачатку судзілі разам ў мужам Ігарам па…

​​Актывістку з Пружанаў і маці траіх дзяцей Юлію Лаптановіч спачатку судзілі разам ў мужам Ігарам па справе карагодаў, а праз некалькі месяцаў, калі Юлія адбывала хатнюю хімію, а Ігар быў у калоніі, яе зноў затрымалі. Уся справа выглядала як падстава ад “сілавікоў”, і ў выніку Юліі прысудзілі 5 гадоў зняволення.

І вось зараз пацукі рыхтуюць ужо другі “суд” над Таццянай Васільевай, маці Юліі. Спачатку Таццяну асудзілі за атрыманне “замежнай дапамогі”, а зараз абвінавачваюць у інтэрв’ю Белсату тры гады таму.

Ужо не першы раз маці затрымліваюць за падтрымку дачкі (узгадаем Вольгу і Ірыну Такарчук), але тут, здаецца, нехта аж задыхаецца ад нянавісці да абедзвюх жанчын. Насамрэч, нецікава, што выклікала такую нянавісць: пацукам дастаткова ўбачыць вялікую дружную сям’ю, каб захацець яе знішчыць. Але вось што мы заўважылі: Таццяну ўзгадваюць заўсёды як маці Юліі, і нават ілюструюць навіны пра яе фатаграфіяй Юліі і Ігара з дзецьмі, бо фатаграфіі Таццяны ні ў журналістаў, ні ў праваабаронцаў няма.

Мабыць, Таццяна не любіць фатаграфавацца. Матулі хочацца не фатаграфавацца самой, а глядзець фота дачкі і яе сям’і, радавацца яе поспехам, ганарыцца. А калі нешта здарыцца, быць для дачкі падтрымкай. І вось нават калі Таццяна сама стала палітзняволенай, яе імя заўсёды ідзе пасля імя Юліі.

Наўрад ці гэта мае значэнне для Таццяны, але мы скажам усё роўна. Годных дачок выхоўваюць годныя маці. І аматары “не ваяваць з жанчынамі” добра гэта ведаюць, таму і пераследуюць абедзвюх. Таццяна – не на другім плане. І мы абавязкова аднойчы пачытаем вялікае інтэрв’ю з маці і дачкой. А на тытульным здымку ўбачым Таццяну і Юлію разам.

Свабоду беларускім жанчынам!
Жыве Беларусь!