Святлана Ціханоўская – да Міжнароднага дня валанцёра «Валанцёры і валанцёркі – доказ таго, што словы…

Святлана Ціханоўская – да Міжнароднага дня валанцёра

«Валанцёры і валанцёркі – доказ таго, што словы «мая хата з краю» не пра нас. Вашая гатоўнасць адгукнуцца, падтрымаць, працягнуць руку дапамогі, нават у цяжкія часы, – гэта сапраўдны прыклад чалавечнасці і спагады.

Вы заўсёды першымі адгукаецеся на просьбы дапамогі – днём і ноччу, незалежна ад таго, дзе знаходзіцеся: побач ці нават у самых аддаленых кутках свету. Вы знаходзіце спосабы падтрымаць, аддаяце свой час, энергію, падтрымліваеце шчырымі словамі і добрымі справамі.

Валанцёрства – гэта праца без выходных і без гарантыяў узнагароды. Але вы робіце яе рупліва, з цеплынёй і святлом у душы. Вашая адвага, адданасць і шчырасць дорыць надзею, што мы адолеем нават самыя складаныя выпрабаванні. Кожны ваш учынак – гэта маленькі цуд, які напаўняе свет сонечнымі прамянямі.

Я захапляюся кожным і кожнай з вас. Вы – нашае натхненне і апора. Вашая праца – гэта не толькі рэальная дапамога тым, хто ў патрэбе, але і прыклад таго, як важна заставацца чалавекам, нават у самых складаных абставінах.

Дзякуй вам за вашую сілу, за самаадданасць і за тое, што вы не спыняецеся, нават калі цяжка. Дзякуй за тое, што сваімі справамі паказваеце, якой велічыні могуць быць беларускія сэрцы».