​​Затрымалі Ігара Ільяша, мужа палітзняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай. У чым абвінавачваюць …

​​Затрымалі Ігара Ільяша, мужа палітзняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай. У чым абвінавачваюць – не так важна, галоўнае “злачынства” яго ў тым, што не з’ехаў.

І насамрэч такіх людзей, як Ігар, шмат. Яны застаюцца ў Беларусі, нават калі гэта небяспечна. Спатканняў для палітычных ужо амаль няма, і з перадачамі праблемы, і ліставанне нярэдка блакуюць… Але муж, ці жонка, ці бацькі – гэта адзіная надзея для зняволенага і яго ці яе сувязь  са знешнім светам, таму родныя застаюцца ў краіне.

Ім цяжка. За кратамі галоўнае выжыць, палонны ўжо зрабіў усё што мог. А калі ты на волі, а нехта блізкі ў турме, то кожны дзень даводзіцца змагацца за яго супраць сістэмы, якая жыве і корміцца чалавечым болем. Кожны дзень не ведаеш, ці зрабіў ты дастаткова, ці быў чарговы выбар правільным?

Як жыць, калі тваё сэрца за кратамі? Як змераць боль бацькі, які чакае на волі дачку? А боль жонкі, якой трэба вывозіць дзяцей дзеля іх будучыні, але самой хочацца застацца бліжэй да каханага? І як змераць іх мужнасць і стойкасць?

Так, за кожным імем у спісе палітвязняў хаваецца не адна трагічная гісторыя, а некалькі. Але гэта таксама – і ў першую чаргу – гісторыі смеласці і вернасці. Ёсць людзі, якія зрабіліся героямі. Але давайце памятаць, што героі – не толькі за кратамі.

Свабоду народу!
Жыве Беларусь!