​​Мы ведаем, колькі сілы можа быць у адной песне – узгадайце Дыджэяў Перамен. Пацукі таксама ведаюць…

​​Мы ведаем, колькі сілы можа быць у адной песне – узгадайце Дыджэяў Перамен. Пацукі таксама ведаюць, таму заўсёды былі спісы забароненых музыкаў і кампазіцый, камісіі, што правяраюць лірыку на адсутнасць экстрэмізму (раней гэта неяк па-іншаму называлася). Любому выканаўцу маглі адмовіць у правядзенні канцэрту ў апошні момант, на канцэрт мог наведацца амап. Так, усё гэта было і да 2020 г, а зараз дык увогуле граць перад публікай дазволена толькі Саладухе і іншым агратрэш-зоркам. Музыка пужае пацукоў, здаецца, нават больш за літаратуру.

Спявачка Мэрыем Герасіменка за кратамі за тое, што выканала на канцэрце песню гурта “Океан Ельзи”. Мабыць, справа не ў песні, не ў гурце і нават не ва ўкраінскай мове. Справа не ў словах у падтрымку Украіны. Справа ў адзінстве. Незнаёмыя людзі, стомленыя ад дыктатуры, рэпрэсій, ад кепскіх навін, ад патрэбы кантраляваць кожнае слова, бо за словы кідаюць за краты, ад недаверу, раптам адчулі адзінства. Бо ты спяваеш, і кожны побач спявае, і не трэба хаваць свае думкі, і ўсе вакол – супраць вайны, супраць гвалту і супраць пацучынай хунты.

Музыка яднае людзей, у гэтым яе чароўная сіла. І адзінства пацукі баяцца як агню. Кожны дзень вораг працуе, каб раз’яднаць нас, але ўсе варожыя намаганні здольная зруйнаваць адна песня. І заўсёды знойдзецца чалавек, што выканае яе. Дзякуй, Мэрыем!

Свабоду Мэрыем Герасіменка!
Не вайне!
Жыве музыка!
Жыве Беларусь!