​​Былога журналіста БТ Змітра Лукшу судзяць за “фэйкавыя відэасюжэты”, што ўтрымлівалі ў сябе “дыскр…

​​Былога журналіста БТ Змітра Лукшу судзяць за “фэйкавыя відэасюжэты”, што ўтрымлівалі ў сябе “дыскрэдытацыю Беларусі”, і не, не за сюжэты для БТ. Зміцер нібыта здымаў фэйкі пра парушэнні правоў мігрантаў.

Правы мігрантаў у нас, вядома ж, не парушаліся. У нас увогуле няма іх, правоў гэтых. І мігрантаў няма, яны турысты. Турысты, што аддавалі апошнія грошы за паездку ў нашу краіну для жыцця, а потым гулялі па яе цудоўных лясах і гінулі, заблукаўшы. Яшчэ там былі палякі, усе злыя як сабакі, акрамя аднаго, і той адзін збег у Беларусь, каб расказаць на БТ самую праўдзівую праўду пра мігрантаў, што насамрэч турысты, а потым памёр. Ад шчасця, вядома ж.

І неяк так адбылося, што Беларусь не дыскрэдытуюць ні загінулыя на мяжы іншаземцы, ні забіты ў Мінску польскі дэзерцір, ні памежнікі, што дапамагаюць парушаць мяжу, а дыскрэдытуе нейкі відэасюжэт.

Пагадзімся, гэта ўсё цягне не на дыскрэдытацыю, а на нешта іншае. І не трэба думаць, што пра гэтых бедных падманутых і забітых людзей усе забыліся. Мы, беларусы, добра памятаем. І Польшча з Літвою, дарэчы, таксама. І гэтая старонка не згубіцца сярод іншых крывавых старонак. І відэа з доказамі дастаткова, і зусім не фэйкавых.

Злачынцы адкажуць!
Жыве Беларусь!