​​Суд над адвакатам Віталём Брагінцам зрабілі закрытым. Мабыць, калі абвінавачаны сам прафесійна дап…

​​Суд над адвакатам Віталём Брагінцам зрабілі закрытым. Мабыць, калі абвінавачаны сам прафесійна дапытвае сведак у балаклавах, гэта выглядае занадта нават для пацучынай хунты.

Віталь абараняў палітвязняў, іншых адвакатаў і нават аднаго нобелеўскага лаурэата. Страшны чалавек! Дарэчы, сярод артыкулаў крымінальнага кодэкса, што прад’явілі Віталю, ёсць удзел у экстрэмісцкім фарміраванні. З аднаго боку, нічога дзіўнага: калі чалавеку няма чаго прад’яўляць, можна прызнаць які-небудзь чат, дзе ён быў удзельнікам, экстрэмісцкім фарміраваннем, вось вам і артыкул. Але. Вы ведаеце, як гэты чат у выпадку Віталя называецца? “Беларускія адвакаты” ён называецца.

Гэта ж геніяльна! Прызнаеш усіх адвакатаў экстрэмістамі, і ніхто не перашкаджае на “судах” з гэтымі сваімі законамі, якія трэба выконваць.

Але ў прафесіі адваката ёсць адна асаблівасць. Адвакаты абараняюць і злачынцаў таксама, і патрабуюць для іх выканання законаў. Падумайце, таварышы пацукі, хто будзе абараняць вас, калі прыйдзе час? Бо пра будучыню трэба думаць, а людзі з суполкі “Беларускія адвакаты” не факт, што возьмуцца дапамагаць. Можна папрасіць таго, хто “прадстаўляе” Святлану Ціханоўскую ў “завочным судзе”, але ж яго не хопіць на ўсіх (нават калі ён захавае ліцэнзію). Застаецца толькі надзея на Гаагу, там і адваката знойдуць, і Валадаркі няма. Ну, і горад, кажуць, прыгожы.

Свабоду Віталю Брагінцу!
Свабоду адвакатам!
Злачынцам – справядлівы суд!
Жыве Беларусь!