​​Хлопцаў з TOR BAND перавялі ў гомельскі СІЗА.Першае ў свеце музычнае экстрэмісцкае фарміраванне, я…

​​Хлопцаў з TOR BAND перавялі ў гомельскі СІЗА.

Першае ў свеце музычнае экстрэмісцкае фарміраванне, як вам? Былі ўжо чорныя спісы, былі забароны выступаў, але тут у нас нешта новае. З іншага боку, саджаюць за блогі, інтэрв’ю, каментары, дык чаго б не пасадзіць за тэксты песень?

Вось толькі калі ўзгадаць тыя песні, атрымаецца, што нават па стандартах недазаконня нічога экстрэмісцкага ў іх няма (хіба што лозунг “Жыве Беларусь!”, але неяк недастаткова для фарміравання). Значыцца, справа не ў тэкстах? А ў чым тады?

TOR BAND сталі часткай культурнага феномена, хваляй у бел-чырвона-белым моры, што аднойчы затапіла беларускія гарады. “Мы не быдло, стадо и трусы,” – людзі спявалі ў голас, напявалі ціхенька, ставілі на рынгтоны. А над людзьмі луналі сцягі. Простыя словы, якія ўсе ведалі і памяталі. Не было ў іх нянавісці – ні да дыктатара, ні да яго памагатых. Гонар за свой народ і жаданне свабоды, вось што аб’яднала ўсіх нас і гучала ў песнях.

Мы спявалі пра тое, што пацучыная хунта няздольная зразумець, пра тое, што пужае яе, што сніцца ў страшных снах вусатаму гаспадару амапаўцаў і шпіца. Мы спявалі пра нашу еднасць. Яны ўсё шукаюць яе вытокі. Справа ў палітыках? Блогерах? Журналістах? Можа, у музыках і іх песнях? Забараніць, кінуць за краты  ўсіх, і тады еднасць і прага да свабоды знікнуць, і можна будзе валадарыць над намі вечна.

Але не песні нарадзілі прагу да свабоды. Яны нарадзіліся з яе. І песні будуць гучаць. Ім ужо не патрэбныя радыёстанцыі. Нават інтэрнэт не патрэбны. Яны гучаць у нас у галовах. І не толькі ў нашых галовах, дарэчы. Бо песні тыя таксама памятаюць “сілавікі”, “суддзі” ды “пракуроры”. Немагчыма перамагчы песню, што засела ў памяці. Тым больш, песню пра нашую будучыню.

Свабоду TOR BAND!
Свабоду музыкам!
Жыве Беларусь!