​​Дзмітрыя і Уладзіміра Каракіных з гурта Litesound затрымалі разам з бацькамі.Шчыра кажучы, навіна …

​​Дзмітрыя і Уладзіміра Каракіных з гурта Litesound затрымалі разам з бацькамі.

Шчыра кажучы, навіна зусім не здзіўляе. За апошнія два з паловай гады за кратамі пабывалі дзесяткі беларускіх музыкаў, ад бардаў да металістаў. Некаторыя сядзяць і зараз. TOR BAND дык увогуле прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем.

Зорак пасадзілі – таксама не ўпершыню. Былі ўжо і чэмпіёны, і тэлевядучыя, і нават нобелеўскі лаўрэат. Гісторыя двух братоў-музыкаў, што прадстаўлялі калісьці Беларусь на Еўрабачанні, здаецца, нічым не адрозніваецца ад соцень іншых гісторый беларусаў.

Але ёсць два факты. Першы. Хлопцаў затрымалі разам з пажылымі бацькамі Вольгай і Юрыем. Затрымалі яшчэ ў кастрычніку, а інфармацыя пра бацькоў стала вядомая толькі тыдзень таму. І другі. У Юрыя Каракіна ў ІЧУ здарыўся інсульт, і ён чакае суда дома.

Што ж робіцца на ЦІПе, у ІЧУ і СІЗА, калі чалавека там даводзяць да інсульта, і калі інфармацыя пра гэта месяцамі проста не выходзіць за сцены турмы (хоць чалавек той – бацька вядомых музыкаў)?! Колькі яшчэ такіх гісторый усплыве ў будучыні? 1445 палітзняволеных па версіі Вясны? 1710 па версіі Дысідэнтаў? Мы нават не ўяўляем сабе, колькі зараз рэальна людзей за кратамі за пазіцыю, і што з імі адбываецца.

Дык вось. Сумна чытаць патрабаванні пачаць перамовы з рэжымам наконт вызвалення палітвязняў. Тысячы чалавек зараз за кратамі, перажываюць катаванні і знявагу, без медычнай дапамогі, без лістоў, без адвакатаў. Людзі, пра якіх ніхто не ведае. Людзі без родных. Не знакамітасці, не фігуранты гучных спраў. Проста людзі. Нават не палітвязні.

Прапаноўваць выкуп за пэўных зняволеных, пайсці на перамовы з людажэрамі і забыцца пра іншых – не за гэта змагаюцца і рызыкуюць беларусы. Нам патрэбна вызваленне ўсіх, хто за кратамі па палітычных артыкулах. І, дарэчы, перагляд іншых спраў, бо мы бачылі, як у нас працуюць “міліцыянты”, “суддзі” ды “пракуроры”. Памятайце, сябры: гэта магчыма толькі праз змену рэжыма ў краіне. Вызвалім Беларусь – вызвалім усіх зняволеных.

Свабоду палітвязням!
Жыве Беларусь!