Ковід пераможаны, ён больш не лічыцца небяспечнай хваробай, беларусы ад яго не паміраюць (ну, БелСтат так кажа). І ўвогуле, людзі сталі здаравейшыя – вунь у Віцебскім раёне зачыняюць пяць бальніц, мабыць, непатрэбныя яны. І лекі замежныя таксама непатрэбныя – толькі Белфармацыя, толькі хардкор, таму сацыяльная дзяржава клапатліва прыбірае іх з аптэк (каб пенсіянеры выпадкова не купілі).
Яшчэ краіна для жыцця запусціла спецыяльную праграму для медыкаў “заданаць у губазік, і цябе не пасадзяць за хабар, які ты не браў”. Цудоўна, не адным жа айцішнікам данаціць спецслужбам! Кажуць, праўда, ад губазаўскіх тарыфаў у шоку і медыкі, і айцішнікі, і кдб, але свабода каштуе шмат. Што ж вы хацелі.
Асобна пацукі паклапаціліся пра псіхіятраў і псіхатэрапеўтаў. Яны больш не павінны хаваць медыцынскую таямніцу пацыентаў. Нават так, павінны не хаваць. А дзяліцца з таварышам маёрам. Дзяржава ўжо арганізавала сяброўскія гутаркі з мянтамі дзясяткам медыкаў. Дзе яшчэ знойдуцца спецыяльныя людзі, з якімі можна падзяліцца таямніцай? Вось!
Ёсць, канешне, і негатыў – медперсанала не хапае па ўсёй Беларусі. Але, калі пазачыняць бальніцы, праблема вырашыцца. У рэшце рэшт, галоўнае, каб хапала красаўцаў.
Паралельна з гэтым, можна сказаць, сацыяльным росквітам, ідуць затрыманні медыкаў, але ці ёсць сфера, дзе затрыманняў няма? Якая розніца, пішаш ты мабільныя дадаткі ці ратуеш жыцці? Пакрыўдзіў пацукоў – сядзі, у нас усе роўныя перад недазаконнем.
Шэсць гадоў доктару Яўгену Бужынскаму за каментары? Няхай радуецца, пракурор хацеў восем. Занадта шмат дактароў-экстрэмістаў, саджаць – не перасаджаць, так, пацукі? А што потым? Мама Колі – файная доктарка, але ці хопіць яе на ўсіх хлопчыкаў з дубінкамі ? Нават калі на дапамогу прыйдзе ветэрынар шпіца Умкі. Кожны людажэр, што катуе і збівае, а потым заліваецца гарэлкай, адчувае сябе моцным і здаровым, але гэта да пары. Ад ковіда ўжо не паміраюць, а вось ад гарэлкі… Ніякі ветэрынар не ўратуе.
Свабоду Яўгену Бужынскаму!
Свабоду медыкам!
Жыве Беларусь!