Яно, канешне, зразумела. Калі чалавека моцна збіць, ён наўрад ці ў бліжэйшыя дні пойдзе пісаць “не вайне” на прыпынку. Калі ў чалавека забраць тэхніку і грошы, ён не зможа рэпоснуць Нашу Ніву. І каго цікавіць, што людзі гэтыя – выпадковыя? Галоўнае, таварыш падпалкоўнік задаволены, і дзеткі таварыша маёра ўсе з тэлефонамі (амаль новымі, толькі крывю з экрана адцерці трэба). Ідылія!
Але, але. Беларускі супраціў – ён жа не толькі пра рэпосты і графіці. Рускі ваенны самалёт, які не так даўно ператварыўся ў проста рускі самалёт, можа пацвердзіць. І колькі нешаноўныя губазікі ні рапартуюць пра затрыманні за падабайкі ў інстаграме, маленькія дроны з нядобрымі намерамі працягваюць лятаць. Куды наступным разам прыляціць – бог яго ведае. А калі прызямліцца на чыюсці лысіну?! І СПА не ўратуе (лукашэнка сам пра дзірку ў СПА казаў, ён хлусіць не будзе). А знайсці тых, хто тыя дроны запускае – дык гэта трэба шукаць. А шукаць не так проста, як рабаваць кватэры выпадковых людзей.
Так што пільна глядзіце ў неба, таварыш маёр .
Жыве Беларусь!