У лютым яму прысудзілі год турмы за падабайкі ў сацсетках. Ці разумеў цяжка хворы Мікалай, што не выйдзе на волю? Так. Ці разумелі “суддзя” і “пракурор”, што выносяць смяротны прысуд? Вядома ж, разумелі.
Мы шмат зла бачылі за апошнія гады. Зло прымае розныя абліччы. Яно носіць шлемы і дубінкі, ці шаўроны “вагнера”. Катуе людзей у кабінетах губазіка, аддае загады страляць ракетамі па жылых дамах.
Але самы агідны яго твар – гэта твар шэранькага непрыгляднага чалавечка, які аддана служыць злу. Ён сам не катуе і не забівае, ён увесь чысценькі і нават ветлівы. Ён выносіць прысуды – год, ці пятнаццаць гадоў, ці смерць – такая яго работа. Ён фальсіфікуе выбары. Гэта ён стварыў kipod. Гэта ён піша даносы на суседзяў.
А ў вольны час ён водзіць дзяцей на фільмы пра супергерояў, ездзіць з сябрамі на шашлыкі. Звычайны. Нармальны на першы погляд. Але ён – зло.
Наша Ніва вырашыла даведацца, што за людзі адправілі на смерць Мікалая Клімовіча. І знайшла дзвух звычайных нецікавых людзей. Суддзя Андрэй Бычыла – адзінокі бацька, ціхі і ветлівы ў жыцці. Малады пракурор Ілля Гузарэвіч – тыповы брсмавец, што марыць пра вялікую кар’еру. Наўрад ці яны адчуваюць сябе забойцамі і ведаюць, што такое згрызоты сумлення. Жывуць далей свае маленькія нецікавыя жыцці.
І самае страшнае, самае агіднае ў лукашызме – тое, што ён даў уладу гэтаму шэранькаму злу. Дазволіў і загадаў ім забіваць чужымі рукамі і ламаць жыцці. Бо сам лука менавіта такой – нецікавы, неадукаваны, шэранькі пацучок. Улада, грошы – усё патрэбна было, каб пабудаваць царства шэрасці.
І гэтай шэрасці можна скарыцца. Мабыць, Бычыла і Гузарэвіч чакалі, што скарыцца і Мікалай Клімовіч. Што будзе прасіць літасці ў “судзе”. Але ён не стаў. Вольныя людзі бачаць свет у колерах, і скарыцца шэрасці – гэта здрадзіць сабе. Мікалая будуць памятаць, а “суддзя” і “пракурор” – безыменныя ўвасабленні лукашызму. Знікне лукашызм – знікнуць і яны. Страцяць пасады, потым свабоду, а потым будуць забытыя.
Вечная памяць Мікалаю Клімовічу!
Забойцы адкажуць!
Жыве Беларусь!