Шмат чаго адбылося ў свеце за тры гады. Прыгожага. Страшнага. Трагічнага. Натхняльнага. Шмат чаго адбылося ў жыцці кожнага з нас. І ўвесь гэты час Эдуард – малады, таленавіты, актыўны Эдуард – замкнёны ў клетцы.
Але сукамэрнікі распавядаюць, што нават ва ўмовах сіза ён не марнуе час. Чытае, займаецца самаадукацыяй, медытацыяй, спортам, будуе планы на будучыню – сваю будучыню і будучню краіны.
Дык вось. Вольнага чалавека нельга пазбавіць свабоды. Свабоду можна толькі абмежаваць, як можна абмежаваць магчымасць бачыць сяброў і каханых, але нельга забараніць сябраваць і кахаць. Можна адабраць інструмент у кампазітара ці аркушы паперы ў паэта, але нельга забараніць ім ствараць музыку і вершы.
Чалавек часам сам пазбаўляе сябе свабоды. Гэта здараецца па-рознаму. Хтосьці выкінуў яе ў урну для галасавання разам з фальшывымі бюлетэнямі, хтосьці абмяняў яе на шлем і дубінку, на кватэру ў Мінску, на пасаду, на форму генерала ці мантыю суддзі. Хтосьці раздушыў яе сінімі пальцамі. І зараз нельга ні сысці, ні збегчы, бо ўсе запэцкаліся брудам і крывёй, прыкавалі самі сябе адзін да аднаго. Ды і куды бегчы? Не засталося такога месца, дзе яны знойдуць супакой.
І аднойчы гэты віртуальны палон ператворыцца ў рэальную камеру на валадарцы. Але не будзе ім ні лістоў з волі, ні асалоды ад добрай кнігі, ні прагны вучыцца і ствараць. Не будзе ні сяброўства, ні кахання. Усё гэта – прывілеі вольных людзей, такіх, як Эдуард Бабарыка.
Свабоду Эдуарду Бабарыку!
Свабоду палітвязням!
Жыве Беларусь!