Падчас выступу Святлана Ціханоўская распавяла пра планы Лукашэнкі і Пуціна размясціць ядзерную зброю ў Беларусі. Яна распавяла пра неабходнасць узмацнення ціску на рэжым і прыцягнення яго да адказнасці. Ціханоўская адзначыла, што неабходна не дапусціць сяброўства лукашэнкаўскай Беларусі ў Радзе бяспекі ААН (праз 10 дзён будзе галасаванне, і Беларусь адзін з кандыдатаў).
Беларуская лідарка паабяцала, што дэмакратычная Беларусь будзе крыніцай бяспекі для Украіны і ўсёй Еўропы, што Беларусь выйдзе з саюзных пагадненняў з Расіяй. Ціханоўская падтрымала Формулу міру, якую прапанаваў прэзідэнт Зяленскі.
У сваім выступе Святлана Ціханоўская падкрэсліла: «Мы, беларусы, павінны зліквідаваць тыранію і прымусіць расейскія войскі сысці. Я перакананая, што ў нас усё атрымаецца, калі мы абʼяднаем намаганні з Украінай. Толькі новая дэмакратычная Беларусь дасць цвёрдыя гарантыі бяспекі Украіне і рэалізуе шырокае партнёрства з нашымі суседзямі».