Гістарычны судовы працэс для БеларусіКрысціна Рыхтэр, дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытан…

Гістарычны судовы працэс для Беларусі

Крысціна Рыхтэр, дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях, пракаментавала судовы працэс, які пачаўся над Юрыям Гараўскім:

«Сёння швейцарскі суд разглядае абвінавачанні супраць Юрыя Гараўскага. У 2019 годзе былы баец САХР прызнаўся ў датычнасці да выкрадання і забойства беларускіх апазіцыйных палітыкаў: Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, а таксама бізнесоўца Анатоля Красоўскага.

Гэтая справа не мае аналагаў у беларускай гісторыі. Упершыню чалавек, які ўдзельнічаў у палітычна матываваных знікненнях апанентаў Лукашэнкі, паўстане перад судом. Гэта прэцэдэнт, які, спадзяюся, паслужыць прыкладам для іншых краінаў. І ў хуткім часе на рэгулярнай аснове пачнуцца разгляды злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі па ўніверсальнай юрысдыкцыі.

Універсальная юрысдыкцыя – механізм, які дазваляе прыцягнуць да адказнасці вінаватых, нават калі сур’ёзныя злачынствы ажыццяўляліся імі ў іншай краіне. З улікам таго, што прадстаўнікі рэжыму адкрыта здзекуюцца з права і не збіраюцца расследваць шматлікія выпадкі катаванняў беларусаў, гэты механізм можа стаць эфектыўным сродкам для прыцягнення да адказнасці канкрэтных асобаў. У прыватнасці тых, што катавалі і забівалі нашых суграмадзян падчас выбараў 2020 года і пасля іх.

Калі вы з’яўляецеся ахвярай злачынства і зараз знаходзіцеся не ў Беларусі – не маўчыце. Вы можаце дамагчыся правасуддзя так, як зараз дамагаюцца справядлівасці Алена Захаранка, дачка зніклага Юрыя Захаранкі, і Валерыя Красоўская, дачка Анатоля Красоўскага. Каб атрымаць дапамогу па падачы справы па ўніверсальнай юрысдыкцыі, пішыце на адрас [email protected]. Мы дапаможам вам звязацца з нашымі партнёрамі па гэтым профілі».