​​У Швейцарыі судзяць Юрыя Гараўскага, саўдзельніка выкраданняў і забойстваў палітычных апанентаў лу…

​​У Швейцарыі судзяць Юрыя Гараўскага, саўдзельніка выкраданняў і забойстваў палітычных апанентаў лукі. І ўсе абураныя, што тэрмін яму пагражае смешны (тры гады, з іх у турме толькі год) – лукашысты за фотку з марша даюць больш.

Мы не будзем ацэньваць ступень гуманнасці швейцарскага суда, даверлівасці пракурора ці пакаяння абвінавачанага. А хацім сказаць вось што. Банда паўлючэнкі – гэта маленькая прыватная армія лукі, яго ўласныя каты і забойцы, паляўнічыя сабакі, што з асалодай гналі і рвалі кожнага, на каго пакажа гаспадар. Яны працавалі патаемна, не пакідаючы ні сведак, ні доказаў. Толькі чуткі. Здавалася, мы ніколі не будзем ведаць праўды, бо што можа быць больш надзейным за таямніцу, скрэпленую крывёю?

Але. Трэба было толькі пачаць расследаванне і прапанаваць мяккі тэрмін саўдзельніку – і вось ужо ў наяўнасці і сведка, і доказы. І праўда, што здавалася пахаванай надзейна, як і парэшткі ахвяр, зрабілася відавочнай. Чуткі ператварыліся ў факты.

А што да сучаснай банды лукі – дык яны нават не хаваюцца: робяць усё адкрыта, на вачах у родных, калегаў і суседзяў затрыманых. Больш за тое, дэманструюць доказы ўласных злачынстваў на тэлебачанні і ў інтэрнэце.

І калі справа дойдзе да расследавання і суда, доказаў будзе дастаткова. І сведак таксама. І сведчыць будуць не толькі ахвяры. Сведчыць будуць калегі катаў. Бо нават зараз у МУС хапае тых, хто не ўдзельнічаў у катаваннях і забойствах, але бачыў іх на ўласныя вочы. На кожнага ката знойдзецца свой Гараўскі.

Ды й самі яны будуць хорам вінаваціць адзін аднаго за магчымасць скараціць тэрміны на некалькі гадоў. Бо тэрміны іх чакаюць не швейцарскія.

Так што, таварышы міліцыянты, фіксуйце злачынствы калегаў, капіруйце дакументы, фоткайце доказы. Спатрэбіцца ў будучыні. Хаця… вы і так усё гэта робіце.

Злачынцы ў пагонах адкажуць. Усе. І іх гаспадар таксама.

Жыве Беларусь!