Распляскалася Ў прасторы сонца. Зелянее стромкая трава. Ад жыцця не стану я ў старонцы, Буду ранне шчыра вартаваць.
Будуць песні раўчакамі ліцца – І не сядзе на суку тым жаль. Не пахіліць лозаў вецер ніцы, Не загіне ў просіні мяжа.
Заглядзіцца месяц сівагрывы, Дол пакрые тонкім серабром. Пройдзе ноч няскончаным урыўкам, Каб схавацца ўранні за гарой.
У прасторы – Ураган сваволіць. Льецца з клёнаў жоўтае лісцё. Прывітаю я жыццё і словы, Як вітае родны брат сясцёр!..
1927
Верш – гімн жыццю, напісаны дзевятнаццацігадовым хлопцам. Яго ўласнае жыццё трагічна абарвалася праз 10 гадоў. Але гэтыя сонечныя бесклапотныя радкі нагадваюць нам: жыццё – найвялікшае багацце і найвялікшая каштоўнасць. Рэжымы і сістэмы, якія дзесяцігоддзямі разбураюць і знішчаюць жыцці, не павінны існаваць.