​​Ларыса ГеніюшМова маяЗасумавала ўсё, што сэрцу блізка,вятры іначай, жаласна гудуць…Мову маю, быц…

​​Ларыса Геніюш
Мова мая

Засумавала ўсё, што сэрцу блізка,
вятры іначай, жаласна гудуць…
Мову маю, быццам дзіця з калыскі,
бы маці родную, прадчасна ў дол кладуць…
 
Сум па дарогах, па гальлі вярбовым,
сум у вачох, трывожны болю цень…
Ўжо не сьмяецца, толькі хмурыць бровы
бяссонечны наш беларускі дзень.
 
Ёсьць саранча, што аб’ядае дрэвы,
i буры, здольныя зь зямлёю ўсё зраўнаць…
За што табе, мой ціхі Краю сьпеўны,
з грудзёў магутных душу вырываць?
 
Наш вечны зьніч, ручво крыві гарачай,
бурліш дняпроўскай хваляй празь вякі,
з табой жывем, з табой нас сьвет убачыў,
са слоў тваіх паэты ўюць вянкі.
 
Мова мая, наш чысты твар нявінны,
з табой ня ўстыд нам выйсьці да людзей,
падбітая у родных каляінах,
прыдушана ля матчыных грудзей…
 
Бяз крыўд чужых, а з крыўдамі сваімі,
прачыстая, гатовішся на крыж,
патоптана, расьпятая чужымі,
малітваю на вуснах нам дрыжыш.
 
Мы стаімо, Пятры і Магдалены,
Пілаты рукі вымылі ў крыві…
Мова мая, народу скарб нятленны,
мова мая, ўваскросьні і жыві!

З днём роднай мовы, сябры
Жыве Беларусь!