​​На Вялікдзень расейцы зноў бамбілі мірных людзей ва Украіне. І хадзілі ў царкву, свята ўсё ж такі….

​​На Вялікдзень расейцы зноў бамбілі мірных людзей ва Украіне. І хадзілі ў царкву, свята ўсё ж такі. Насілі пасвяціць булкі і яйкі, фарбаваныя ў колеры георгіескай стужкі, ставілі свечкі за перамогу рашызму. Маліліся.

У пуцінскай Расіі ёсць шмат святых рэліквій, якім можна памаліцца: і крыжы, і іконы, і мошчы, і партрэты пуціна, і тэлевізары. Але галоўная, самая святая са святых рэліквій, захоўваецца ў храме міністэрства абароны. Гэта, вядома ж, фуражка гітлера.

Што за бог патрабуе маліцца ворагу, маліцца злу? Ісус? Алах? Можа, хто са старажытных багоў-ваяроў? Марс? Тор? Чалавецтва верыла ў тысячы розных багоў. Гісторыі адных добра захаваліся, ад іншых нават імёнаў не засталося, яны зніклі разам са сваімі паслядоўнікамі. Пра трэціх вядома вельмі мала.

І вось ёсць адзін бог, які вядомы толькі тым, што патрабаваў чалавечыя ахвяры. Некаторыя нават лічаць, што яго імя – не імя, а сінонім прынясення ахвяры. Молах.

Ці не гэтую хтанічную істоту пуцін выкапаў і перавёз у расейскія балоты? Ці не яму ён будуе храмы? І калі расейцы сцвярджаюць “з намі бог”, ці не бога Молаха яны маюць на ўвазе?

Ведаеце, кажуць, што людзі веры – самыя небяспечныя, бо іх богі ўсё ім даруюць. Але гэты бог не даруе і не прабачае, не бласлаўляе, не ратуе і не слухае малітвы. Ён толькі патрабуе крыві. Не хапае крыві ворагаў? Крывя паслядоўнікаў ні чым не горшая. А як і паслядоўнікі скончацца, ён засне, пакуль не з’явяцца новыя паслядоўнікі, не абудзяць і не зробяць яго сваім богам.

Гуманізм, асвета, тэхнічны прагрэс? Усё гэта добра, але як толькі разумны прагрэсіўны чалавек забыўся, адвёў вочы, прапусціў нараджэнне невялікага, маленечкага зла, і вось зло ўжо дарослае, а з вачэй палітыка-вар’ята, прапагандыста і вайскоўца, які запускае ракеты па жылых дамах і школах, пасміхаецца стары напаўзабыты бог крыві і смерці.

Не, насамрэч, няма ніякага Молаха.  Ён толькі метафара. Але тысячы забітых – гэта рэальнасць. Менавіта таму нельга даваць шанец злу. Нельга дазваляць вяртацца ў гэты свет поглядам і ідэалогіям з далёкага мінулага, а калі яны ўсё ж вярнуліся, то адзіны шлях – аб’яднацца супраць. Свету патрэбная не толькі параза Расіі. Нам патрэбны справядлівы суд над ваеннымі злачынцамі, адкрытыя архівы, барацьба з прапагандай, а таксама – асвета і адукацыя. Асвета і адукацыя – галоўныя ворагі хтанічных пачвар. Ну, і вядома ж, трэба прыглядзецца да афіцыйнай пазіцыі рускай праваслаўнай царквы. Не тое, каб гэта было галоўным пунктам, але адказаць павінны ўсе злачынцы, не толькі тыя, што носяць мундзіры.

Злачынцы адкажуць!
Слава Україні!!
Жыве Беларусь!