Пакуль у свеце расследвалі ваенныя злачынствы, нашчадкі чэкістаў хавалі архівы.
Пакуль у свеце казалі “ніколі зноў”, нашчадкі чэкістаў адказвалі “можам паўтарыць”.
І паўтарылі. Прапаганду нянавісці, масавыя забойствы, генацыд. Дадалі і тое, да чаго гітлер і нацысты не дадумаліся: скрадзеныя ўнітазы, партрэты “дзядоў” на палках і туалетны чамаданчык. Вораг 21 стагоддзя выглядае як пародыя на ворага 20 стагоддзя: агідны, смешны, але крывавы і небяспечны.
За ўнёсак у перамогу ў Другой сусветнай саветам даравалі ўсё: і ваенныя злачынствы, і лагеры, і дэпартацыі, і галадамор, і расстрэлы, і бясконцую хлусню. З імі размаўлялі, спрабавалі сябраваць, іх пусцілі ў ААН. Яны не выбачаліся. Яны ганарыліся. І зараз мы маем краіну-вар‘ята, што пагражае чалавецтву.
Перамога прыйдзе. Перамога будзе, і людзі адсвяткуюць яе. Яны адбудуюць разбураныя гарады, дапамогуць параненым і сем’ям загінулых. Яны паспрабуюць вярнуць звар’яцелым ад прапаганды расейцам чалавечае аблічча. Яны знойдуць і пакараюць ваенных злачынцаў.
А потым… Мы спадзяемся, што потым не будзе ні парадаў, ні немаўлят у ваеннай форме. Ні 9 траўня, ні ў той дзень, калі Расія капітулюе. Вайна – гэта боль і смерць, а не прыгожыя мундзіры і свята. Мы павінны заўсёды памятаць пра гэта і вучыць гэтаму дзяцей.
Жыве Беларусь!