​​Наталлю Крук судзяць за маршы і заклікі да санкцый. Калі Наталлю затрымалі, пакаяльнае відэа з ёю …

​​Наталлю Крук судзяць за маршы і заклікі да санкцый. Калі Наталлю затрымалі, пакаяльнае відэа з ёю паспрабаваў зрабіць азаронак. Але відэа не атрымалася – жанчына на ім проста сядзіць моўчкі.

Ведаеце, азаронак – адзін з самых брыдкіх персанажаў пацучынага цырку. Няздатны і варты жалю нават па мерках прапагандыстаў, не ўмее нічога, не мае аніякай рэальнай улады, але лезе, лезе ўсюды, амаль як яго гаспадар. Вось ён ужо ў логавішчы губазікаў, дэманструе, на што здольны. “Паглядзіце, як я магу – дапытваць спалоханую палонную жанчыну!”

Вось толькі жанчына маўчыць. Спалоханая, стомленая, так, але як жа ёй брыдка. Перад Наталляй сядзіць вораг, а яна глядзіць на яго як на жабу. Жаба надзімаецца, каб выглядаць вялікай і страшнай. Жаба ненавідзіць усё ў свеце. Жаба, безумоўна, ядавітая. Жаба хоча адчуць сілу. Жаба імкнецца атрымаць маленькую, але перамогу. Жаба патрабуе, каб з ёй размаўлялі. Не. І гэта нават не пытанне прынцыпу. Проста людзі з жабамі не размаўляюць.

Аднойчы ў мярзотнай зграі, захапіўшай нашу краіну, скончыцца расейская падтрымка. І мы ўбачым за аднолькавымі шэрымі тварамі азаронкаў, карпянковых і лукашэнак адну надзьмутую жабу. Ні грошай, ні прыхільнікаў, ні ядзернай зброі, ні пуціна побач. Застануцца толькі былыя злачынствы і атрута, якой жаба труціць сама сябе. Мабыць, жаба нават будзе патрабаваць перамовы. Прасіць перамовы. Але не атрымае – бо людзі з жабамі не размаўляюць.

Свабоду Наталлі Крук!
Злачынцы адкажуць!
Жыве Беларусь!