“Гэта не проста “экстрэмісцкі матэрыял”, гэта маё жыццё”
– Ілля, ваша імя ўсё часцей гучыць у кантэксце “экстрэмізму”. Што адбываецца?
– У Беларусі, на жаль, “экстрэмізмам” могуць назваць практычна любую дзейнасць, якая не ўпісваецца ў рамкі дзяржаўнай прапаганды. Маю старонку ва Укантакце, якой больш за 15 гадоў, прызналі “экстрэмісцкім матэрыялам”. На ёй я асвятляў сваю праваабарончую дзейнасць, пісаў аб важнасці падтрымкі палітвязняў, дзяліўся інфармацыяй аб канцэртах і іншых цікавых мерапрыемствах. Апошні пост быў апублікаваны больш за 8 месяцаў таму.
– Як Вы можаце пракаментаваць гэтую сітуацыю?
– Для мяне гэта толькі чарговы крок у цэлай кампаніі па ціску на мяне і маіх аднадумцаў. У лютым 2023 года мяне ўжо прызналі “экстрэмістам” пастановай МУС, а ў лістападзе мінулага года маю старонку ў Facebook таксама прызналі “экстрэмісцкім матэрыялам”. Увосень 2023 года была ўзбуджаная новая палітычна матываваная крымінальная справа, а ў траўні мяне абвясцілі ў міжнародны вышук.
– Як Вы спраўляецеся з такім ціскам?
– Вядома, гэта няпроста. Але такі ціск толькі ўзмацняе мой дух і матывацыю. Я працягваю змагацца за Свабодную Беларусь, за правы і свабоды ўсіх яе грамадзян. Я актыўна ўдзельнічаю ў акцыях салідарнасці з палітвязнямі, пішу лісты падтрымкі, выкарыстоўваю любую магчымасць распавесці пра рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. У сакавіку гэтага года выдаў кнігу “Вас гэта не датычыцца” ў падтрымку палітвязняў, а таксама працягваю сваю адукацыю, вывучаючы праваабарончую дзейнасць і права ў ЕГУ.
– Вас можна назваць сімвалам супраціву рэжыму?
– Я – просты чалавек, які не можа змірыцца з несправядлівасцю і грубым парушэннем правоў чалавека ў сваёй краіне. Я – не сімвал, а проста раблю тое, што лічу правільным. Веру, што кожны чалавек можа зрабіць свой унёсак у барацьбу за свабоду і справядлівасць.
– Што б Вы хацелі сказаць людзям, якія могуць баяцца выказваць сваю пазіцыю?
– Заклікаю ўсіх не баяцца казаць праўду, не баяцца адстойваць свае перакананні. Веру, што мы можам перамагчы, калі будзем дзейнічаць супольна. У салідарнасці наша сіла!
– У чым Вы бачыце светлую будучыню Беларусі?
– Веру, што Беларусь – гэта краіна свабодных і незалежных людзей, якія змогуць самастойна вырашаць свой лёс. Веру, што Беларусь стане часткай свабоднай і дэмакратычнай Эўропы.
– Якім Вы бачыце свой шлях?
– Я буду працягваць змагацца за сваю Радзіму, за яе свабоду і будучыню. Буду выкарыстоўваць усе магчымасці, каб данесці да свету праўду аб тым, што адбываецца ў Беларусі. Спадзяюся, што мой голас не згубіцца ў цішыні.
Свабоду ўсім палітвязням!!
Жыве Беларусь!!
Дзякую ўсім за тое, што надалі пару хвілін вашага часу!
З павагай і найлепшымі пажаданнямі, Ілля Міронаў.
Вільня, 25 чэрвеня 2024