«Алесь падсвечваў тое, пра што многія думалі, але баяліся казаць услых», – Святлана Ціханоўская – д…

«Алесь падсвечваў тое, пра што многія думалі, але баяліся казаць услых», – Святлана Ціханоўская – да гадавіны смерці Алеся Пушкіна

«Сёння гадавіна смерці Алеся Пушкіна – выбітнага беларуса, мастака, рэстаўратара і палітвязня. Смерць Алеся – велізарная страта для беларускай культуры. Але яго будуць помніць заўсёды: не толькі за талент і творчасць, але і за нязломны характар.

Праз прызму ўнутранай свабоды Алесь знаходзіў зразумелыя спосабы для кожнага і кожнай адлюстраваць праблемы беларусаў: ён падсвечваў тое, пра што многія думалі, але баяліся казаць услых.

Янка Купала сцвярджаў: «Гуслям, княжа, не пішуць законаў» – гэта дакладна перадае сутнасць творчасці Алеся Пушкіна. Мастацтва і свабоду нельга падпарадкаваць, але рэжым спрабаваў гэта зрабіць. Алеся кінулі за краты, прысудзілі 5 гадоў калоніі строгага рэжыму і закатавалі да смерці ў зняволенні. Улады знішчылі таленавітага беларуса, бо не прымаюць іншадумства і не разумеюць, што свабоду немагчыма забіць, калі яна жыве ўнутры чалавека.

Памяць пра Алеся Пушкіна будзе жыць, бо ягоныя карціны, напоўненыя беларускім духам, ужо зараз успрымаюцца як сімвал барацьбы нашага народа за свабоду. Лепшае, што мы можам зрабіць – не забываць, якой цаной з’яўляюцца гэтыя сімвалы і працягваць справу Алеся».

Сёння ў Вільні ў прасторы Кропка адбудзецца вечар памяці і адкрыццё выставы Алеся Пушкіна, якая будзе працаваць да канца ліпеня.