Святлана Ціханоўская – да Дня Народзінаў Рамана Бандарэнкі«Сёння Раман Бандарэнка мог святкаваць Нар…

Святлана Ціханоўская – да Дня Народзінаў Рамана Бандарэнкі

«Сёння Раман Бандарэнка мог святкаваць Народзіны. Але тры з паловай гады таму рэжым жорстка і бесчалавечна закатаваў яго да смерці. Час ідзе, але боль трагедыі жыве ўнутры нас.

Немагчыма звыкнуцца з думкай пра тое, што людзей забіваюць за іх перакананні. Матуль кідаюць за краты – і пагражаюць пазбаўленнем бацькоўскіх правоў. Сталым людзям смяюцца ў твар турэмныя ахоўнікі, калі чуюць просьбы пра медычную дапамогу.

Немагчыма змірыцца з тым, што кожны дзень заводзяцца дзясяткі крымінальных справаў за каментары ў інтэрнэце, а вінаватыя ў забойстве, якое здарылася ў цэнтры сталіцы і мела рэзананс па ўсім свеце, дагэтуль не знойдзеныя і не пакараныя.

Немагчыма прыняць тое, што прапаганда здымае пакаянныя відэа з бездапаможнымі людзьмі, якія гатовыя на ўсё, абы зноў убачыць блізкіх, а ўсе расследаванні незалежных журналістаў пра забойства Ромы – з аўдыязапісамі і доказамі, сабранымі экспертамі – выкідваюцца ў сметнік.

Немагчыма ўявіць, што дактары, якія змагаліся за жыццё чалавека, апынуліся за кратамі, бо распавялі нам праўду.

Немагчыма «перагарнуць старонку»,
якая ў крыві Рамана і другіх беларускіх герояў, забітых за прагу да свабоднай і незалежнай Беларусі. Старонку, якая кожны дзень поўніцца новымі імёнамі тых, каго спрабуюць знішчыць: кідаюць у ШІЗА, ізалююць ад свету ў рэжыме інкамунікада, ціснуць на родных.

Гэта дзень – нагода ўспомніць не толькі Рому, але ўсіх тых, чые адвага і мужнасць сталі сімвалам барацьбы за свабоду Беларусі.

Беларусь памятае сваіх герояў. Бо героі не паміраюць!»