І сапраўды, дрэнным чалавекам быць не забаронена. Нават у самай-самай прававой дзяржаве. За што караць бондараву? Ну валошкі не любіць і лацінку не разумее. Працаваў бы закон – яе б і слухаць не сталі. А цётка, што расказвае пра “дроны з радыёнуклідамі”? Не сама ж яна тыя дроны прыдумала, калі што, скажа, кдб прымусіў. А як раней даносы пісала – дык то сусед-ябацька захапіў комп.
А колькі было навін пра выкрытых сэксотаў. А колькі яшчэ не выкрытых. Не тысячы іх, але мабыць набярэцца не адна сотня.
І вось такая навіна: агентку кдб судзяць у Польшчы. За шпіянаж. Яна не штатная агентка. Звычайная дзяўчына. Чужыя майткі “навічком” не пэцкала і ўплывовых палітыкаў у ложак не цягнула, каб скрасці дзяржаўныя таямніцы. Стукала выключна на беларускую дыяспару ў Польшчы. А “выкрыццё” здарылася, дарэчы, у стылі кдб: дар’я сама пасля чаркі (відавочна, без шкваркі) пачала хваліцца знаёмым сваімі подзвігамі.
Гісторыя супрацоўніцтва звычайная (Сяргея Ціханоўскага ў свой час падставіла такая ж “агентка”). Дзяўчына трапілася мянтам ці то за порна, ці то за прастытуцыю. Пашкадавалі прыгажуню, прапанавалі дамову. А яна прыняла і 6 гадоў сумленна выконвала. Сачыла за актывістамі ў Беларусі. Мабыць, сведчыла ў “судзе” (інакш навошта гэта ўсё). Даказала сваю каштоўнасць для дзяржавы, і дзяржава ацаніла – выправіла дар’ю ў Польшчу, працаваць далей. Але далей працаваць не атрымалася, а атрымалася… ну такое… Фіяска.
І вось што цікавае тут. Наша порна-шпіёнка – з тых людзей, якія не вераць у пакаранне. Не чакаюць пакарання. Ну сапраўды, што Польша зробіць? Ну прызнае непажаданай асобай, ну адправіць дадому. А беларусы што зробяць, нават пасля змены ўлады? Ды нічога, яшчэ і ахвярай назавуць, калі слёзна расказаць пра бабулю, котку і дваццать былых хлопцаў у закладніках у кдб. А ўсплыве картка непадсанкцыйнага банка, на якую ўвесь час крапалі грошыкі ад дзяржавы – таксама не праблема. Агенткам, нават пазаштатным, патрэбна фінансаванне.
Карацей кажучы, добрая дзяўчына рабіла дрэнныя рэчы, але ж яе каты з кдб прымусілі, выбара не было, вы ж самі ўсё разумееце… Так?
Вось толькі Польшча вырашыла па-іншаму. Бо дзяўчына можа быць добрай ці дрэннай, але калі яна шпіёнка – то яна шпіёнка.
І няхай бондарава, правакатары з чат-рулеткі, сэксоты з атачэння дэмсіл, стукачы на волі і ў турме і за мяжой, стукачы за грошы і за ідэю зараз сочаць уважліва за лёсам калегі. Бо ты ніколі не ведаеш, адкуль прыляціць. І прыляціць, дарэчы, цалкам па законе. І не толькі ў Польшчы, у Беларусі таксама.
Ну і ўсеагульная вядомасць – куды ж без яе .
Злачынцы адкажуць!
Жыве Беларусь!