Laisvės kelias – 1989-2020Сёння ў краінах Балтыі прыгадваюць падзеі 35-гадовай даўніны, калі літоўцы…

Laisvės kelias – 1989-2020

Сёння ў краінах Балтыі прыгадваюць падзеі 35-гадовай даўніны, калі літоўцы, латышы і эстонцы сталі ў 650-км ланцуг Дарогі свабоды. Гэта было на сконе савецкай імперыі, якая была яшчэ зубастай, але ўжо сляпой і прадчувала свой скон. Таму шчэрылася і агрызалася, але ж не магла спыніць бег часу. Дарога свабоды – гэта моцны сігнал грамадстваў балтыйскіх краінаў, што дэманстраваў прагу да свабоды і незалежнасці.

Праз 31 год, у 2020, літоўцы ў знак салідарнасці з беларускім народам, усталі ў дарогу да свабоды ад цэнтра літоўскай сталіцы да мяжы з Беларуссю. Працягнуўшы нам руку – салідарнасці, дапамогі, шчырасці і падтрымкі. Менавіта літоўцы, разам з палякамі, прынялі больш за ўсё палітычных уцекачоў, што беглі ад ашалелай дыктатуры, якая запэцкала нашай крывёй усё тое, што так дорага нам у Беларусі. Гэтая дапамога і салідарнасць трывае і сёння, за што вялічэзная падзяка ўсім людзям добрай волі.

Праз два гады, у 2022, мы пабачылі што можа быць і горш. Дыктатура падтрымала агрэсію супраць Украіны. Дыктатура замазала крывёй кожнага і кожную з нас. Цяпер нам прыходзіцца кожны дзень і крок адмываць сябе ад гэтай крыві – словамі, справамі, ўчынкамі і ўдзелам у змаганні супраць тандэма дыктатур.

Сёння над нашай зямлёй знак бяды, але мы памятаем хто стаў побач з намі ў тыя доляносныя дні жніўня 2020. Мы памятаем тых, хто стаў за сваю свабоду з 1989. Час ідзе. Імперыі гінуць. Беларусь таксама пройдзе свой шлях да свабоды і ўстане ў шэраг сваіх балтыйскіх суседак. Вольная і незалежная.

Жыве Беларусь!
Tegyvuoja Lietuva!
Lai dzīvo Latvija!
Elagu Eesti!