​​”Суды” за салідарнасць з палітвязнямі працягваюцца. І значная частка падсудных –  жанчыны сталага …

​​“Суды” за салідарнасць з палітвязнямі працягваюцца. І значная частка падсудных –  жанчыны сталага веку, якія дапамагалі са сваёй невялікай пенсіі. Дапамагалі не дзецям ці ўнукам, а проста людзям, якім патрэбна была дапамога. Гэтыя жанчыны нарадзіліся ў СССР і добра ведалі, якой паскуднай можа быць улада. Дапускалі, што могуць пацярпець за пасылкі, пераводы на рахункі вязняў і нават за лісты, але гэта іх не спыняла.

Бо там, за кратамі, ёсць людзі без родных. І ўсе фонды для бяспечных данатаў з-за мяжы – гэта крута і патрэбна, але пэўным людзям можна дапамагчы толькі так – пераводам ці пасылкай ад незнаёмага чалавека ў Беларусі.

Калісьці такія ж беларускія жанчыны хавалі яўрэяў ад нацыстаў. Ведалі, што могуць падзяліць іх лёс, але дапамагалі, бо як тут не дапамагчы? І тое “як тут не дапамагчы” прайшло праз гады, і зноў яно патрэбнае, і зноў яно з намі. Можа, гэта і ёсць адметная рыса беларусаў, а не памяркоўнасць, якую так любяць узгадваць лукашысты.

Таму сёння давайце падзякуем людзям, што дапамагалі і дапамагаюць палітвязням, знаходзячыся ў Беларусі. Дзякуй вам, сябры, вы гераіні і героі, і вы робіце найважнейшую справу. Беларускі народ жыве і будзе жыць дзякуючы такім людзям, як вы.

Жыве Беларусь!