Петыцыя была складзеная адразу пасьля сьвята Крыжаўзвышэньня, 16 верасьня 1838 году, падчас царкоўна…

Грэка-католікі Беларусі #Царква

Петыцыя была складзеная адразу пасьля сьвята Крыжаўзвышэньня, 16 верасьня 1838 году, падчас царкоўнага фэсту ў гонар сьв. Язафата, архібіскупа Полацкага, у мястэчку Царкоўна Дрысенскага павету (цяпер Верхнядзвінскі р-н Віцебскай вобл.).

111 уніяцкіх сьвятароў Беларускай япархіі супольна склалі і падпісалі пісьмовы зварот, у якім яны адкрыта выступілі супраць планаў падступнага мітрапаліта Ёсіфа Сямашкі і расейскіх уладаў па ліквідацыі Ўніяцкай Царквы.

У петыцыі на імя імператара Мікалая І, якую ад імя 111 уніяцкіх сьвятароў ва ўмовах жорсткага паліцыйнага нагляду ўдалося даставіць у сьнежні 1838 году ў Санкт-Пецярбург асэсару Полацкай грэка-ўніяцкай кансісторыі а. Яну Ігнатовічу і а. Адаму Тамковіду, галоўным патрабаваньнем было вызваленьне адданых Уніі сьвятароў і даручаных іх апецы вернікаў з-пад духоўнай улады Ёсіфа Сямашкі. Таксама падпісанты патрабавалі дазволіць ім заснаваць свае ўніяцкія духоўныя вучэльні, адчыніць асобную друкарню з уласных ахвяраваньняў, каб друкаваць там уніяцкія царкоўныя кнігі замест кніг маскоўскага друку. Таксама петыцыя зьмяшчала просьбу сьвятароў пры немагчымасьці захаваньня ўніяцтва перайсьці ў лацінскі абрад.

«Я не спадзяваўся, што зламысьнікі маглі скласьці настолькі моцную партыю паміж духавенствам, якое знаходзіцца ў ваколіцах самога месцазнаходжаньня беларускага епархіяльнага начальства”, – зьдзіўляўся галоўны ліквідатар Уніі Ёсіф Сямашка.

Гэты выступ выклікаў сур’ёзную занепакоенасьць сярод расейскай адміністрацыі. Былі прыняты жорсткія паліцыйныя захады. Генерал-губернатарам прадастаўлялася права адхіляць ад пасады прадвадзіцеляў дваранства, гараднічых, земскіх спраўнікаў, западозраных “у саўдзеле іх процідзеяньню відам ураду”. Духоўных і сьвецкіх асобаў, якія б асьмеліліся намаўляць уніятаў супрацьдзейнічаць «узьяднаньню», трэба было высылаць у вялікарасейскія губерні, якія не мяжуюць з заходнімі губернямі. У выпадку ўзброенага мяцежу загадана было аддаваць іх ваеннаму суду, пры неабходнасьці ўвесьці войскі. Каб не дапусціць зрыву ліквідацыі Уніі, супраць незадаволеных сьвятароў былі ўжытыя жорсткія карныя меры. Іх высылалі ў глыб Расеі, пазбаўлялі парафіяў, пераводзілі з сьвятароў у псаломшчыкаў або зьмяшчалі пад жорсткі нагляд у манастыры для «выпраўленьня».

Лёс 68 уніяцкіх сьвятароў, якія падпісалі «супрацьзаконныя даверанасьці» на імя сьвятароў Ігнатовіча і Тамковіда, 11 лютага 1839 г., напярэдадні так званага дабраахвотнага ўзьяднаньня ў Полацку, вырашаў асабіста Сямашка. Тыя сьвятары, хто вымушана раскаяўся, вярнуліся на месца службы, а тым, хто адмовіўся ад пакаяньня было забаронена служыць. Таксама было загадана нядобранадзейных сьвятароў заключаць пад нагляд у манастыры

Высылкай з сваіх парафіяў у Беларускай япархіі пакаралі 20 сьвятароў-удзельнікаў Царкаўнянскага пратэсту. У Чашніках арыштавалі і адправілі ў Полацак а. Яна Ігнатовіча. Кіраваў арыштам падпалкоўнік Агатонаў – вядомы змагар з уніятамі. Бунтара ў расе, чыё знаходжаньне ў Беларусі палічылі «шкодным, як з-за непрыхільнасьці яго да праваслаўя, так і з-за ўплыву, якое ён меў на іншае духавенства», 10 студзеня 1839 году пад канвоем павезьлі ў Смаленск. Далейшы ягоны шлях ляжаў у ссылку ў Прадцечанскі манастыр у Вязьме.

Прафесар Полацкай духоўнай семінарыі а. Адам Тамковід быў арыштаваны ў сваёй парафіі ў Іказьні і дастаўлены ў Менск, а адтуль 26 студзеня – у Курск, у праваслаўны манастыр-вязьніцу для ўніятаў, якія былі супраць скасаваньня Ўніяцкай Царквы. Нават пасля вызваленьня яму не дазволілі вярнуцца ў Беларусь. 16 гадоў ён ня меў права служыць ля алтара. Да сваёй сьмерці ў Харкаве ён знаходзіўся пад наглядам паліцыі. Нягледзячы на ўсе выпрабаваньні і рэпрэсіі, якія сьвятару Адаму Тамковіду давялося зьведаць, ён застаўся адданым сваёй веры і Царкве.