Якой была сапраўдная гісторыя абраза Маці Божай Замкавай з НавагрудкаВольга Барысенка піша ў апошнім…

Грэка-католікі Беларусі #Царква

Якой была сапраўдная гісторыя абраза Маці Божай Замкавай з Навагрудка

Вольга Барысенка піша ў апошнім нумары Latopisy Akademii Supraskiej пра абраз, які стаў папулярным пасля згадкі ў шэдэўры Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Арыгінал абраза Маці Божай Замкавай быў страчаны ў XX ст., верагодна, падчас Першай сусветнай вайны.

Цяпер у Навагрудку існуюць дзве рэканструкцыі, але яны не адпавядаюць арыгіналу, піша аўтарка. Архіўныя дакументы дазваляюць вызначыць, якім быў абраз (Маці Божая Адзігітрыя з Хрыстом на левай руцэ).

У XVIII ст. замкавы абраз быў звязаны з базыльянамі. Калі замкавая царква перабудоўвалася (храм XIV—XVII стст. знаходзіўся на Замкавай гары), абраз перанеслі ў царкву св. Барыса і Глеба, дзе ён заставаўся і ў XIX ст. Пачатак культу дакладна невядомы. Пасля «Пана Тадэвуша» ўзнікла шмат непацверджаных легенд, частка якіх змешвае гісторыю абраза з легендамі пра іншыя абразы з Чарнігава — з адсылкай да X-XI стст. Сапраўднае паходжанне абраза Маці Божай Замкавай усё яшчэ застаецца няясным.