Паходзіў з Гарадзеі (цяпер гарадскі пасёлак Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці). Вучыўся ў Віленскім універсітэце імя Стэфана Баторыя. У 1932 годзе з’ехаў у Берлін, дзе спачатку вучыўся ў Вышэйшай тэхнічнай школе ў Шарлотэнбургу. Атрымаўшы стыпендыю ад мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага, у 1934 годзе пераехаў у Мюнхен, дзе вывучаў філасофію і тэалогію ў калегіуме св. Андрэя. Скончыў яго ў 1938 годзе. У 1933 годзе заснаваў «Саюз беларускіх студэнтаў у Германіі».
17 ліпеня 1938 года быў пасвячаны ў святары. У 1941–1943 гадах працягваў філасофскія студыі ў Мюнхенскім універсітэце. У гады вайны апякаў беларускіх і ўкраінскіх ваеннапалонных польскай арміі ў Баварыі. У ліпені 1943 года быў арыштаваны і некалькі месяцаў правёў у канцлагеры Заксенхаўзен; вызвалены ў красавіку 1944 года дзякуючы намаганням Папскай місіі. Кароткі час працаваў пры Візітатуры ў Берліне, пазней праводзіў душпастырскую дзейнасць у Гільдэсгайме.
Пасля вайны пасяліўся ў Госляры. Быў ініцыятарам і кіраўніком Беларускай харытатыўнай службы, якая дапамагала беларускім і ўкраінскім бежанцам. Працягваў душпастырскую дзейнасць у парафіях Радэрборна, Оснабрука і Гільдэсгайма. Выкладаў у беларускай гімназіі. У 1947–1952 гадах узначальваў Беларускі камітэт перасяленцаў.
У 1959 годзе ў Мюнхенскім універсітэце абараніў доктарскую дысертацыю па беларускай літаратуры «Янка Купала — пясняр беларускага народа» (Janka Kupala. Der Sänger des weissruthenischen Volkstums). Праца выйшла асобнай манаграфіяй нямецкай мовай у Мюнхене ў 1961 годзе.
Міхась Маскалік належыў да пакалення беларускіх грэка-каталіцкіх святароў і дзеячаў, якія ў міжваенны перыяд і ў часы эміграцыі працавалі над захаваннем беларускай рэлігійнай і культурнай ідэнтычнасці. Яго душпастырская, арганізацыйная і навуковая дзейнасць у Германіі спрыяла падтрымцы беларускай дыяспары і папулярызацыі беларускай літаратуры ў еўрапейскім акадэмічным асяроддзі. Асноўныя звесткі пра яго жыццё і працу змешчаны ў даведніках «Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.», энцыклапедыі гісторыі Беларусі, працах Леаніда Маракова, а таксама ў эміграцыйных выданнях («Źnič», «Божым шляхам»).
На здымку ён з беларускімі вернікамі ў Віндышбэргэрдорфе (канец 1940-х гг.).