”Калі Хрыстос не ўваскрос, то марная вера вашая, і вы ўсё яшчэ ў вашых грахах”. (1 Кар. 15:17) Сло…
Словы св. Паўла паказваюць, якое вялікае значэнне мае для нас Уваскрасенне Хрыста. Яно – аснова нашай веры і хрысціянскай надзеі, зарука нашага збаўлення і ўваскрасення з мёртвых. Хрыстос сваёй крыжовай смерцю выкупіў нас з няволі граху. Устаўшы з мёртвых, Ён узняў з сабою людскую прыроду, з’яднаную з Боскаю ў Ягонай асобе. Такім чынам, смерць была пераможаная назаўсёды. Для выкупленых яна ўжо не канец, пасля якога няма нічога, але пачатак новага, вечнага жыцця, авеянага Ласкаю. Уваскрасенне – гэта абнаўленне ўсяго свету, новы акт тварэння.
Свята Ўваскрасення Хрыстовага – Вялікдзень – найвялікшае свята ў царкоўным календары. Яно поўнае светлай радасці з прычыны перамогі Жыцця над смерцю. Радасны і ўрачысты настрой узмацняецца прывітальным воклічам “Хрыстос Уваскрос!” і адказам на яго “Сапраўды ўваскрос!”, што паўтараецца шматкротна на ўсіх богаслужэннях і сярод вернікаў. У святочных спевах Хрыстос прадстаўлены як вялікі Правадыр, які вывеў нас з няволі граху і ўзвёў” ад смерці да жыцця, і ад зямлі да неба”, як некалі Майсей вывеў выбраны народ з егіпецкай няволі. Таму, падобна да старазапаветнай падзеі, Вялікдзень называецца “Пасхай”, часта з дадаткам “новая”, або “Гасподняя”.
Увесь велікодны тыдзень лічыцца адным святочным днём. У гэты тыдзень няма посту, нават у сераду і пятніцу, і вернікі спажываюць стравы, якія былі асвячоныя ў царкве ў сам дзень Вялікадня. Пасвяцце Вялікадня трывае сорак дзён аж да свята Ўзнясення.