Што значыць «ведаць Бога»?
Слова «ведаць»
(па-старажытнаяўрэйску יָדַע [яда]) у Святым Пісанні мае два значэнні: веданне тэарэтычнае («ведаць пра нешта») і веданне практычнае («ведаць нешта»). Можна ведаць пра Бога, прачытаўшы ці пачуўшы пра Яго. Але ведаць Бога – гэта тое ж самае, што мець досвед зносін з Ім. Такі досвед не абавязкова прыходзіць, калі яго шукаюць. У Бібліі ёсць прыклады, калі пазнанню Бога спрыялі бедствы, якія ішлі пасля адступніцтва ад Яго. Таксама пазнанню Бога спрыяе спалучэнне ўласных духоўных намаганняў з досведам іншых людзей, г.зн. Царквы. Тым не менш, богапазнанне як такое магчыма толькі праз уласны, асабісты досвед адносін з Богам. Можна сказаць, што ведаць Бога – тое ж, што любіць Яго.