Тысячы дарослых прымуць хрост у Вялікую суботу. Нечаканыя даныя з ФранцыіУсяго 21 386 дарослых і пад…
Усяго 21 386 дарослых і падлеткаў прымуць хрост у Каталіцкай Царкве ў Вялікую суботу ў Францыі. За апошнія чатыры гады колькасць дарослых, якія просяць аб хросце, вырасла ў тры разы. Значна знізіўся ўзрост асоб, якія звяртаюцца па хрост. Вядома таксама, што стала прычынай навяртання.
Даныя прадставіў епіскапат Францыі. У Францыі будзе ахрышчана 13 234 дарослых і 8 152 падлеткі. Гэта аж на 20% больш, чым у мінулым годзе. Гэтыя лічбы паказваюць, што замацоўваецца тэндэнцыя, якая пачалася чатыры гады таму. Біскупы тады падкрэслівалі, што новая хваля навяртанняў не выклікана новай праграмай ці душпастырскім стылем. Яны бачылі ў гэтым хутчэй незаслужаны дар Божай ласкі.
Да 2022 г. колькасць хростаў дарослых і падлеткаў трымалася ў Францыі на стабільным узроўні — каля 4 тысяч штогод. У 2023 годзе адбыўся першы заўважны рост на 28%, які стаў яшчэ большым у два наступныя гады: 31% у 2024 г. і 45% у 2025 г.
Акрамя таго, выразна знізіўся ўзрост асоб, якія просяць аб хросце. Калі раней асноўнай узроставай катэгорыяй былі дарослыя ва ўзросце ад 26 да 40 гадоў, то цяпер найбольшую групу складае моладзь ад 18 да 25 гадоў. Яны складаюць 42% ахрышчаных.
Епіскапат Францыі таксама прадставіў вынікі апытання, праведзенага сярод неафітаў. Аказалася, што насуперак меркаванням прэсы, не сацыяльныя сеткі ці інфлюенсеры аказалі найбольшы ўплыў на іх навяртанне.
40% апытаных прызналіся, што звярнуліся да каталіцкай веры пасля цяжкіх жыццёвых выпрабаванняў. 34% у Царкву прывёў пошук сэнсу жыцця. 32% — моцнае духоўнае перажыванне. Пры гэтым 39% рэспандэнтаў раней не чыталі Святога Пісання.
Даследаванне было праведзена і сярод тых, хто прыняў хрост у апошнія гады. Апасенні, што многія з іх адыдуць ад Царквы пасля таінства, аказаліся беспадстаўнымі — гэта тычыцца толькі 8% ахрышчаных. 72% заяўляюць, што атрымалі належную падтрымку ад Царквы і пасля хросту. Пераважная большасць актыўна ўдзельнічае ў жыцці сваіх парафій, а некаторыя ўжо самі рыхтуюць іншых людзей да прыняцця хросту.