Царква святкуе ўваход Хрыста ў Ерусалім. Хрыстос ведаў, што Яго чакалі наперадзе пакуты і смерць, б…

Царква святкуе ўваход Хрыста ў Ерусалім.

Хрыстос ведаў, што Яго чакалі наперадзе пакуты і смерць, бо “немагчыма, каб прарок памёр вонках Ерусаліму” (Лк 13:33). Тым не менш, свята мае радасны і ўрачысты характар. Богаслужэбныя тэксты робяць націск на Боства Таго, Хто ўязджае ў Святы Горад. Ён Той, Хто мае за пасад неба, і за падножак зямлю, Сын спрадвечны і Слова Бога Айца. Сёння Ён “панізіўся, сеўшы на бяздумнае асляня”. Ён ідзе “на мукі, каб споўніць закон і прароцтвы”. У сапраўднасці Ягоны ўваход пераможны: Ён “сеў на асляня, быццам на калясніцу, каб здабыць сабе ўсе народы”. Таму дзеткі, якія вітаюць Яго воклічам “Гасанна”, прадвяшчаюць радасць Уваскрасення.

Многія з тых, што выйшлі Хрысту насустрач, думалі, што Ён – Месія, “Памазаннік Божы”, асабліва таму, што яны чулі, як Ён уваскрасіў Лазара. У тым часе ўвесь гэбрэйскі народ быў ахоплены чаканнем хуткага прыйсця Месіі. Аднак ва ўяўленні большасці Месія быў не столькі рэлігійным, як палітычным правадыром, які меў вызваліць народ ад чужога панавання і адбудаваць каралеўства Давіда.

Сціплы ўезд Хрыста на асляці не сумяшчаўся з гэтым уяўленнем, і таму быў непрыймальным, асабліва для тых, што лічылі сябе за правадыроў народу – святароў, фарысеяў і кніжнікаў. Толькі нявінныя дзеткі адчулі чыстай душою, кім быў Той, што ўваходзіў у Святы Горад, і віталі яго радаснымі воклічамі.

“Прыйдзем сёння і мы, увесь новы Ізраіль, Царква ўсіх народаў, і ўсклікнем разам з прарокам Захарам: Радуйся, дачка Сыёну, абвяшчай на ўвесь свет, дачка Ерусаліма, што вось ідзе да цябе Уладар твой, ласкавы і збавенны, седзячы на асляці, на сыне пад’ярэмнай. Святкуй разам з дзеткамі, трымаючы ў руках галінкі, і ўсклікай: “Гасанна на вышынях, блаславёны Той, Хто прыходзіць, Уладар Ізраільскі!”