28 сакавіка 2026 году Папа Рымскі прыбыў з Апостальскім візітам у Манака. Падчас Імшы, якая адбылас…

28 сакавіка 2026 году Папа Рымскі прыбыў з Апостальскім візітам у Манака. Падчас Імшы, якая адбылася на стадыёне Луі ІІ у Манака, Леў XIV у сваёй гаміліі спаслаўся на евангельскі ўрывак пра жорсткі прысуд членаў Сінэдрыёну, якія вырашылі забіць Ісуса (гл. Ян 11.45-57). Яго асудзілі на сьмерць пасьля таго, як Ён уваскрасіў Лазара – сябра, перад магілай якога Ён плакаў, падзяляючы боль Марты і Марыі.

Сьмяротны вердыкт быў не выпадковым, а прадуманым рашэньнем, выкліканым страхам і палітычным разьлікам. Замест таго каб прызнаць у Ісусе Месію, першасьвятары і фарысэі ўбачылі ў Ім пагрозу: «прыйдуць рымляне, і зьнішчаць месца нашае». Іх погляд настолькі скажоны, што замест таго, каб вяршыць закон, яны парушаюць яго: вырашаюць забіць нявіннага з-за страху згубіць уладу. Але калі людзі забываюць пра закон «Не забівай», Бог памятае пра Сваё абяцаньне Збаўленьня, – нагадаў Сьвяты Айцец.

Папа падкрэсьліў, што і сёньня ў сьвеце адбываецца тое ж самае. З аднаго боку – Божае аб’яўленьне, з другога – «схаваныя дзеяньні магутных уладаў, гатовых бязьлітасна забіваць». На іх скрыжаваньні стаіць знак Ісуса – ахвяра жыцьця. Уваскрашэньне Лазара становіцца прадвесьцем таго, што адбудзецца з Хрыстом: Ягоная мука, сьмерць і Ўваскрасеньне. Сын зьдзейсьніць намер Айца сілай Сьвятога Духа: як напачатку часоў Бог стварыў жыцьцё з нічога, так і ў паўнаце часоў Ён адкупляе жыцьцё ў сьмерці, якая імкнецца зьнішчыць стварэньне.

Леў XIV адзначыў, што з гэтага адкупленьня нараджаюцца радасьць веры і сіла сьведчаньня. І сёньня націску зла супрацьстаіць вечная Божая справядлівасьць.

Нягледзячы на несправядлівасьць і войны, Бог абяцае перамяніць смутак на радасьць і праз ачышчэньне сэрцаў вызваляе людзей ад ідалапаклонства, каб яны жылі як дзеці Божыя, браты і сёстры. Гэты дар асьвятляе нашу сучаснасьць, таму што кровапралітныя войны – гэта вынік ідалапаклонства ўладзе і грошам. Кожнае зламанае жыцьцё – гэта рана на Целе Хрыстовым. «Давайце ня будзем прызвычайвацца да грукату зброі, да праяваў вайны! Мір – гэта ня проста баланс сіл, гэта дзеяньне чыстых сэрцаў, якія бачаць у іншым ня ворага, а брата», – заклікаў Сьвяты Айцец.

Больш гл. тут:
https://www.vaticannews.va/be/papa/news/2026-03/leo-xiv-justice-and-mercy-resist-the-persistence-of-evil0.html

Леў XIV: справядлівасць і міласэрнасць супрацьстаяць націску зла – Vatican News

Мір – гэта не проста баланс сіл, гэта дзеянне чыстых сэрцаў, якія бачаць у іншым не ворага, а брата, – падкрэсліў Папа падчас Імшы, якая 28 сакавіка …