26 сакавіка, на наступны дзень пасля Дабравешчання, цэрквы візантыйскай традыцыі ўшаноўваюць важную…
Постаць арханёла Габрыэля — біблейская. Яна прысутнічае ў Старым Запавеце. Як і іншыя анёлы, ён выступае пасрэднікам паміж Богам і Яго выбраннікамі. Ён з’яўляецца на старонках Святога Пісання як перадаўца асабліва важных Божых даручэнняў.
У Новым Запавеце арханёл прыходзіць спачатку да Захарыі, каб прадказаць зачацце св. Яна Хрысціцеля, а затым да Найсвяцейшай Багародзіцы, каб сказаць: «Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Ісус» (Лк 1, 31). Таму такі значны акцэнт на Дабравешчанні робяць літургічныя тэксты 26 сакавіка, якое таксама з’яўляецца днём аддання свята. Вячэрня з Літургіяй св. Яна Залатавуснага, якая служыцца напярэдадні, 25 сакавіка, уводзіць вернікаў у гэты дзень і спалучае вершапесні Дабравешчання і арханёла Габрыэля з поснымі.
У іх Габрыэль выступае як «вялікі дух, што Бога бачыць тварам у твар, прамяністы і збавенны, узіраецца на Трохсонечнае Святло і разам з усімі нябеснымі сіламі пяе дзіўную песню хвалы Богу», «поўны святла (…) чыніць волю і выконвае загады Усемагутнага», і яму аднаму «вялікая тайна, анёлам раней няведамая і перад вякамі ўтоеная, была давераная», каб ён, «прыйшоўшы ў Назарэт, абвясціў яе адзінай Чыстай».
Пасланства арханёла Габрыэля адлюстравана і ў іканаграфіі. Яго можна ўбачыць на дыяканскіх дзвярах ці ў кампазіцыі «Дэісіс» іканастаса або на асобных іконах. Часта яго постаць выпраменьвае дынамізм. Адзеннем нагадвае слуг візантыйскага імператара. На галаве відаць стужкі — «слухі» як весткі, якія анёл прымае ад Бога. У руках трымае жазло або люстэрка (зерцала). Падчас Дабравешчання Багародзіцы — галінку з дрэва жыцця ў Эдэме, лілею ў знак чысціні Дзевы Марыі або пальму як сімвал перамогі, якую пачынае гэтая падзея. Таксама арханёла Габрыэля Каталіцкая Царква абвясціла заступнікам тэлекамунікацый, медыя і назвала у яго гонар адзін з трох сервераў Ватыкана.