Згодна са звычаем, у труну былі пакладзены манеты, выбітыя падчас пантыфікату, а таксама афіцыйныя медалі пантыфікату за кожны год служэньня. У металёвым цыліндрычным кантэйнеры знаходзіцца «Rogito» — натарыяльны дакумент на лацінскай мове, падрыхтаваны цырымоніямайстрам папскіх літургічных службаў, які зьмяшчае біяграфічную інфармацыю пра спачылага, апісаньне яго пантыфікату і зьвесткі пра адыход у вечнасьць.
Напрыканцы цырымоніі на цынкавую труну было пастаўлена вечка з крыжам, гербам памерлага Папы і таблічкай з яго імем, датамі жыцьця і Пятровага служэньня. Цынкавая труна была запячатана пячаткамі камерленга, Прэфектуры папскага дому, Бюро літургічных цэлебрацый і Капітулы базылікі сьвятога Пятра. Пасьля закрыцьця вонкавай драўлянай труны яна таксама была апячатана. На яе вечку — крыж і герб памерлага Папы.
Праз усю ноч капітула базылікі сьв. Пятра забясьпечыла малітоўнае чуваньне ля труны Сьвятога Айца.